Макей — пра размову з Фюле, палітвязняў і санкцыі (відэа)
Кіраўнік МЗС Беларусі падчас віленскага саміта "Усходняга партнёрства" адказаў на пытанні журналістаў беларускіх і замежных СМІ.
Многіх цікавіла, ці не збіраецца афіцыйны Мінск вырашыць нарэшце праблему палітвязняў — важную ўмову для аднаўлення дыялогу з Еўрасаюзам.
"Па-першае, у нас няма ніякіх палітычных вязняў, — адказаў Уладзімір Макей. — Тыя вязні, якія сядзяць у турме, яны пакараныя за канкрэтныя крымінальныя злачынствы. У іншых краінах яны б атрымалі напэўна большы тэрмін... Па-другое, мы таксама можам гаварыць аб тым, што санкцыі, якія ўведзеныя супраць Беларусі, павінны быць адмененыя, інакш ніякай размовы не атрымаецца. Павінен быць дыялог. І ў працэсе дыялогу павінны быць вырашаныя ўсе праблемы, якія існуюць у нашых адносінах з Еўрапейскім саюзам".
У той жа час Уладзімір Макей адзначыў, што "калі б гэтыя вязні напісалі ліст аб памілаванні, ён быў бы разгледжаны і, магчыма, было б прынятае пазітыўнае рашэнне".
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра тое, як уплывае пытанне палітвязняў на атмасферу размоваў з еўрапейскімі палітыкамі, Уладзімір Макей прызнаўся: "Кепска ўплываюць. Я лічу, што дыялог павінен адбывацца пры любых умовах і ставіць нейкія перадумовы для пачатку дыялогу гэта абсалютна бессэнсоўная рэч... Мы сёння вялі вельмі добры дыялог са спадаром Фюле (еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства — Еўрарадыё). І я лічу, што дыялог альбо ён ёсць, альбо не".
Таксама сёння Уладзімір Макей пацвердзіў, што Беларусь гатовая да перамоваў з Еўрасаюзам аб заключэнні пагаднення пра спрашчэнне візавага рэжыму.
Макей: Беларусы адчуваюць сябе еўрапейцамі больш, чым жыхары суседніх краін