Марына Адамовіч: Магчыма, са Статкевіча спрабуюць выбіць прашэнне
Жонка палітвязня каментуе звесткі, што ў камеры з ім цяпер сядзіць былы спецназавец Андрэй Васільеў, асуджаны за забойства.
На фота: Марына Адамовіч.
У камеру да экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, магчыма, пасадзілі ўдзельніка так званага “эскадрона смерці” маёра Андрэя Васільева. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў магілёўскай турме №4 перадае праваабарончая ініцыятыва “Платформа”. У міліцыі інфармацыю пра перавод былога намесніка камандзіра мінскага спецназа па фізічнай падрыхтоўцы не каментуюць.
У 2002 годзе Андрэй Васільеў быў асуджаны на 21 год зняволення за забойства дзяўчыны. У палітычным серыяле тэлеканала НТВ "Хросны бацька" сцвярджалася, што Васільеў мае дачыненне да так званых "эскадронаў смерці" і знікнення апазіцыянераў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Сам Васільеў у эфіры БТ абверг гэтую інфармацыю.
Жонка Мікалая Статкевіча Марыя Адамовіч упэўненая, што калі да мужа сапраўды перавялі Васільева, то гэта не выпадкова.
Адамовіч: "Адзінае, у чым я ўпэўнена, што такія змены суседзяў не бываюць выпадковымі. І тут верагоднасць выпадковасці — абсалютна нулявая. А што тычыцца прычынаў, то я магу выказваць свае гіпотэзы, свае версіі. Мажліва, яго хочуць запужаць. Мажліва, гэта спроба псіхалагічнага ці, крый божа, фізічнага ціску, каб выбіць прашэнне аб памілаванні. Але могуць быць і іншыя варыянты. Можа быць, гэта дэманстрацыя сілы і поўнага кантролю".
Поўная размова з Марыяй Адамовіч:
Фота — ByMedia.net