Марыя Калеснікава перадала навагодняе віншаванне беларусам

Марыя Калеснікава / Фота: Еўрарадыё​
Марыя Калеснікава / Фота: Еўрарадыё​

Палітвязень Марыя Калеснікава перадала прэс-службе Віктара Бабарыкі ліст, у якім павіншавала беларусаў з Новым годам.

"Кожны год 31 снежня ў нас з вамі традыцыя — без пятнаццаці дванаццаць мы марым пра тое, каб у наступным годзе мы пачулі віншаванне ад чалавека, якому верым, якога любім, з якім разам будзем рабіць нашу краіну і жыццё лепшымі. У гэтым годзе мы былі бліжэй, чым ніколі. У наступным — наша жаданне споўніцца.

У новым годзе мы працягнем быць актыўнымі і настойлівымі. Усюды, дзе гэта магчыма. 

Нам трэба захаваць і прымножыць нашы супольнасці. Аб'ядноўвайцеся ў сваіх дварах, універсітэтах, на працы. Кантактуйце, абмяркоўвайце, прымайце рашэнні, дзейнічайце. Мы павінны быць ініцыятыўнымі, а ў дзяржавы не павінна быць манаполіі на грамадскае і палітычнае жыццё".

Як рэкамендуе Марыя Калеснікава, беларусам трэба пераадольваць свой страх, каб на адным з этапаў зразумець, што больш нічым не напалохаць ,"а гэта дае свабоду". "І памятайце, што шлях любові, павагі і дабра — гэта наш адзіны шлях, па якім мы прыйдзем да перамогі".

У сваім лісце яна кажа, што ў турме на навагоднюю ноч у яе не будзе шампанскага, абдымкаў сяброў і ўсмешак родных. Але гэта варта таго, каб праз год у гэтую ноч беларусы выйшлі свабоднымі, шчаслівымі і поўнымі ўпэўненасці ў светлай будучыні.

"Мы не проста паводзілі сябе добра ў гэтым годзе, мы былі такімі смелымі і сумленнымі малайцамі, што Дзед Мароз не можа не выканаць наша жаданне".

Нагадаем, Марыя Калеснікава была затрыманая ў пачатку верасня пасля няўдалай спробы ўладаў вывезці яе з Беларусі. Калеснікава знаходзіцца ў ізалятары ў Жодзіне з 11 верасня. 16 верасня стала вядома, што ёй прад'яўлена абвінавачанне ў закліках "да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, здзейсненых з выкарыстаннем СМІ і сеціва Інтэрнэт".

15 лістапада стала вядома, што Марыя Калеснікава застанецца пад вартай да 8 студзеня ўключна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі