Марыя Калеснікава распавяла аб тым, што яе парадавала ў адыходзячым годзе
Марыя Калеснікава / @viktarbabarykaofficial
Палітвязень Марыя Калеснікава адказала на просьбу "Радыё Свабода" і распавяла, што яе парадавала ў адыходзячым годзе. Нагадаем, увесь гэты год Марыя правяла ў зняволенні. У верасні адбылося вынясенне прысуду. Яе, былога каардынатара штаба Віктара Бабарыкі і актыўную ўдзельніцу перадвыбарнай кампаніі Святланы Ціханоўскай, прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі.
"Цешыць кожны новы дзень майго жыцця", — прызналася Марыя Калеснікава. Паводле яе слоў, "нават у турэмнай клетцы мой свет — гэта выдатныя, дарагія мне людзі, якія хоць і далёка, але побач са мной, гэта вялікае, вечнае мастацтва, музыка, кнігі, добрыя лісты і каханне".
Калеснікава перакананая, што рана ці позна "гэтыя дзіўныя часы скончацца, а ўяўляеце, як мы будзем шчаслівыя бачыць і абдымаць адзін аднаго?".
24 снежня ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыі на прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Раней Калеснікава назвала вынесены ёй прысуд абсурдам. Прасіць аб памілаванні яна не мае намеру. "Рэжым хоча перакласці ўсю адказнасць на нас за свае памылкі. У рэчаіснасці захоп улады ў Беларусі здзейсніў адзін чалавек. Лічбы ў 10 і 11 гадоў толькі пацвярджаюць гэты факт", — казала яна ў інтэрв'ю Deutsche Welle.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.