Марыю Калеснікаву трымаюць адну ў камеры
12 студзеня адвакатка Людміла Казак бачылася з Марыяй Калеснікавай у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сюды Калеснікаву перавялі з Жодзіна 8 студзеня.
У каментары Радыё "Свабода" адвакатка сказала, што не можа назваць прычыну пераводу Калеснікавай у Мінск, бо яшчэ не бачыла афіцыйны дакумент. Разам з тым яна ўпэўненая, што гэты перавод не звязаны з перадачай справы ў суд.
"Да суда яшчэ далёка, бо следства і ўтрыманне пад вартай працягнутае да 8 сакавіка, таму наўрад ці блізкая судовая перспектыва", — кажа Людміла Казак.
Па яе словах, Калеснікава застаецца ў камеры адна, хаця сітуацыя можа змяніцца. "Марыя называе ўмовы даволі прымальнымі. Адміністрацыя і персанал ставяцца да яе паважліва і карэктна", — дадае адвакатка.
Людміла Казак кажа, што са здароўем у Марыі ўсё ў парадку і яна настроеная на актыўную барацьбу за свае правы.
Пры гэтым яна падкрэслівае не вельмі добрыя ўмовы для сустрэч. "Выдзяляюцца кабінеты для сустрэч з перагародкамі з аргшкла, і праз гэта немагчыма нармальна працаваць і размаўляць. Мы лічым, што гэта з'яўляецца процідзеяннем для аказання ёй юрыдычнай дапамогі", — удакладняе адвакатка.
Марыю Калеснікаву затрымалі ў Мінску 7 верасня і спрабавалі вывезці з Беларусі. Яна парвала пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. Пасля гэтага яе ўзялі пад варту. Калеснікавай выставілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту). Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.