Майкі для заўзятараў футбольнай зборнай Беларусі вырабілі з памылкай (фота)
Майкі і шалікі для заўзятараў футбольнай зборнай Беларусі вырабілі з памылкай. Іх прадставіла Беларуская федэрацыя футбола. На здымках, якія з'явіліся на сайце "Прессбола", можна пабачыць, што пад брэндам нашай каманды ("Белыя крылы") напісана "нацыянальная сборная Беларусі", а мусіць быць "нацыянальная зборная Беларусі".
Як інфармавала Еўрарадыё, у пачатку жніўня была прэзентаваная новая форма футбольнай зборнай Беларусі з нацыянальным арнаментам. Тады было абвешчана, што 13 000 маек раздадуць заўзятарам 6 верасня на "Барысаў-Арэне" перад адборачным матчам чэмпіянату свету з са зборнай Францыі. Невядома, ці будуць раздавацца майкі і шалікі з памылкай, ці яе паспеюць выправіць.
Фота: pressball.by