Мексіка здалася, яна пагадзілася знізіць здабычу нафты
Мексіка здалася, яна пагадзілася знізіць здабычу нафты. Пра гэта заявіў мексіканскі прэзідэнт Андрэс Мануэль Лопес Абрадар. Паводле яго слоў, абмежаванне было ўзгоднена з ЗША і АПЕК+. У Мексіцы стануць здабываць нафты на 100 тысячаў барэляў у дзень менш. Гэтай краіне прапаноўвалі скарачэнне на 350 тысяч барэляў, але мексіканцы не пагадзіліся. У такой сітуацыі на дадатковае скарачэнне на 250 тысяч барэляў у дзень ідуць Злучаныя Штаты. Абрадар сцвярджае, што размаўляў пра гэта па тэлефоне з амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам, паведамляе meduza.io.
Раней стала вядома, што краіны АПЕК+ дамовіліся знізіць здабычу нафты ў траўні-чэрвені 2020-га на 10 мільёнаў барэляў у суткі. Тая ж Расія скарачае здабычу напалову. Але каб дамова пачала дзейнічаць, яе мусіла ўхваліць Мексіка. У Маскве ўжо лічаць, што дамова АПЕК+ адбылася.
Як вядома, сёлета ў сакавіку Расія сарвала перамовы ў рамках АПЕК+ па скарачэнні здабычы нафты. Тады Саудаўская Аравія пачала яе здабываць максімальнымі тэмпамі. З-за гэтага цэны на "чорнае золата" рэзка абваліліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.