Мэр Львова: Я — украінец, і я ганаруся тым, што на нашай зямлі быў Бандэра

Еўрарадыё: Як вы ўспрынялі вынікі крымскага рэферэндуму і як паставіліся да верагоднага аддзялення Крыма ад Украіны?

Андрэй Садовы: Ніякага легітымнага рэферэндуму не было, а было апытанне пад дуламі аўтаматаў. І, безумоўна, сусветная супольнасць яго не прызнае. Бо гэта былі надуманыя рэчы: Крым — гэта ўкраінская зямля і ўсё, што там было, — гэта антыканстытуцыйныя дзеянні. Фактычна, гэта акупацыя нашай тэрыторыі чужой дзяржавай. Так мы гэта ўспрымаем.

Еўрарадыё: Але і пра новую ўкраінскую ўладу кажуць, што яна нелегітымная. Калі прызнаваць нелегітымную ўладу ў Кіеве, то чаму не прызнаць вынікі нелегітымнага рэферэндуму ў Крыме?

Андрэй Садовы: Калі паглядзець расійскае тэлебачанне, то трэба ўсім схавацца ў бамбасховішчы і на вуліцу не выходзіць. Бо вельмі шмат, на вялікі жаль, непраўдзівай інфармацыі. Калі па сутнасці: сёння ва Украіне дзеючы легітымны парламент, які абраў легітымнага прэм’ера. Так, ва Украіне няма прэзідэнта — ён уцёк у Расію. І цяпер мы штодня бачым жахлівыя факты не проста карупцыі, а татальнай карупцыі, раскрадання краіны на дзясяткі мільярдаў долараў. Таму цяпер ва Украіне ідзе перадвыбарная кампанія — 25 траўня павінны адбыцца выбары прэзідэнта. Уся ўлада працуе, усе міністэрствы, ведамствы, адміністрацыі — Украіна жыве сваім жыццём, але, безумоўна, усе сёння ўсхваляваныя. Бо мы маем акупацыю часткі нашай тэрыторыі замежнай дзяржавай.

 

 

Еўрарадыё: Дарэчы, пра прэзідэнцкія выбары: у вас ёсць “свой” кандыдат у прэзідэнты, каго вы будзеце падтрымліваць?

Андрэй Садовы: Пакуль толькі адзін прэтэндэнт зарэгістраваўся — былы намеснік Генпракурора Кузьмін. Іншых кандыдатаў пакуль няма.

Еўрарадыё: Але ж вы ведаеце тых, у каго ў планах гэта зрабіць…

Андрэй Садовы: Гэта вельмі сур’ёзны факт — зарэгістравацца кандыдатам, правесці кампанію. З таго, як чалавек будзе гэта рабіць у такія сціслыя тэрміны, можна шмат пра яго даведацца. Нешта кулуарнае ведаць — гэта адно. А я хачу ўбачыць, як сябе людзі будуць паводзіць у такой складанай сітуацыі, калі ўсё вельмі сціснута. Таму — усё ў свой час!

Еўрарадыё: Да пытання карупцыі: ваш рэгіён яна закранула? І як ставіцеся да люстрацыі?

Андрэй Садовы: Вядома, і нас карупцыя захапіла. Бо шмат якія рашэнні прымаліся цэнтралізавана, і карупцыя была вельмі вялікай — яна была цэнтралізаваная. Усе функцыі, якія некалі былі ў мясцовага самакіравання, на якіх можна было зарабляць грошы, дзяржава ў горада забрала і зрабіла такія “карупцыйныя ліфты”. Нам яшчэ трэба ўсё гэта паламаць і зрабіць так, каб усё было празрыста і чыста. Бо карупцыя — гэта іржа, якая з’есць любую краіну. Мы гэта абавязкова пераможам. Калі ж казаць пра люстрацыю… У маім разуменні неабходна, каб на пасады прыходзілі адэкватныя людзі, якія б фармавалі свае каманды і адказвалі перад людзьмі. Каб была адказнасць перад людзьмі. Бо сёння, калі ў нас больш за 100 людзей загінулі на Майдане, іх называюць “Нябесная сотня”, і ты ідзеш па шляху карупцыі — на тваіх руках будзе кроў гэтых людзей. Гэта вельмі сур’ёзна.

Еўрарадыё: Чым сёння жыве Львоў, якая атмасфера пануе на вуліцах галоўнага “логава бандэраўцаў”?

Андрэй Садовы: Калі паглядзець на горад вачыма турыста, то Львоў, Вена, Прага — гэта гарады, якія будавалі ў адзін час у адных архітэктурных стылях. Вельмі шмат гасцей, шмат турыстаў, людзі адпачываюць, п’юць каву, усё нармальна працуе, праблем ніякіх няма. Вы не адчуеце розніцы — будзеце вы ў Вене, Празе ці ў Львове. Але ў сэрцы львавяне адчуваюць вялікі боль, бо ёсць бяда на ўсходзе Украіны, калі дыверсанты спрабуюць праводзіць нейкія мітынгі —дзякуй Богу, з гэтага нічога не атрымліваецца. Ну, і тое, што ёсць акупацыя Крыма — гэта таксама вялікая бяда. А так, горад жыве нармальным жыццём, запрашаем. У нас заўсёды добрая кава, добрая атмасфера і прыемныя людзі.

Еўрарадыё: Кажуць, турыстаў можа напужаць нестабільнасць сітуацыі.

Андрэй Садовы: Турысты ёсць. І што цікава, цяпер шмат інвестараў пачынаюць наладжваць з намі кантакты. Бо разумеюць, што Украіна будзе вельмі цікавай для інвеставання. Бо мы блізкія да Еўрасаюза, бо канкурэнтная працоўная сіла і мы ўжо маем шмат амбіцыйных праектаў, якія мы будзем рэалізоўваць.

Еўрарадыё: У Крыме канфлікт пачаўся нібыта з таго, што туды для ўсталявання новага парадку збіраліся ехаць “цягнікі дружбы” з актывістамі Майдана і бандэраўцамі з Заходняй Украіны. Прызнайцеся, колькі ў Львове, пад вашым патранажам, было сфармавана “цягнікоў дружбы”?

Андрэй Садовы: Я вам раскажу іншую гісторыю. Да мяне днямі прыязджаў вельмі паважаны чалавек з Данецка. Ён — нармальны, адукаваны чалавек. Ён прыехаў у Львоў, каб убачыць разгромлены горад, натоўпы людзей, якія ходзяць па вуліцах з аўтаматамі. Я здзівіўся: “Ну, ты ж нармальны чалавек!” Кажа: “Ты разумееш, гэта прапаганда па расійскім тэлебачанні робіць цуды”. Мы з ім гулялі па горадзе, пілі каву, размаўлялі. І ён мне распавёў, што апошнія два месяцы ў Данецку чакалі людзей з Захаду, якія прыедуць наводзіць беспарадкі. Самае цікавае, што і нам тут, у Львове, казалі, што да нас будуць ехаць “цітушкі”. А ніхто нікуды не ехаў, усё нармальна, Украіна жыве сваім жыццём. А Львоў — тым больш. Гэта Гебельс проста адпачывае, калі глядзець на тое, што людзям спрабуюць у галовы ўкласці. І адзіная магчымасць пазбавіцца ад гэтага, проста прыехаць і на ўласныя вочы ўсё ўбачыць. Што цяпер і робяць шматлікія журналісты з розных краін. Праз пэўны час яны да нас прыедуць з сем’ямі, каб проста адпачыць.

Еўрарадыё: На ўсходзе краіны часам дзіўна паводзяць сябе праваахоўныя органы, якія не ўмешваюцца ў сутычкі паміж удзельнікамі прарасійскіх і праўкраінскіх мітынгаў. Якая ў гэтым сэнсе сітуацыя ў вашым горадзе? Ці гатовая міліцыя супрацьстаяць таму, што, да прыкладу, днямі адбывалася ў Данецку?

Андрэй Садовы: У Львове такое ўвогуле немагчыма — у нас вялікі ўзровень самаарганізацыі і самадысцыпліны. Горад увесь час актыўны, у нас заўжды існуе Веча, калі людзі прыходзяць, выказваюць сваё меркаванне і якіх уважліва выслухоўваюць. У апошні час узровень злачыннасці яшчэ ніжэй упаў, а па бяспецы Львоў заўжды быў і ёсць адным з самых бяспечных гарадоў свету. Ратацыя кадраў у міліцыі была і ёсць, але на бяспеку гэта не ўплывае.

Еўрарадыё: Жыхары горада падчас падзей на Майдане разам з міліцыянерамі патрулявалі горад. Сёння людзі задзейнічаныя ў такіх акцыях? Пішуць, да прыкладу, што “народная самаабарона” Чарнігава пабудавала на ўездзе ў горад блокпост…

Андрэй Садовы: У нас іншая сітуацыя: ёсць гарадская ўлада, якая мае вялікі ўзровень даверу, і ў нас актыўна працавала наша камунальная, муніцыпальная дружына. У гэтую дружыну прыходзілі валанцёры — грамадзяне горада. Гэта было па раёнах горада, і, сапраўды, калі ў нас было напружанне, людзі выходзілі і дапамагалі міліцыі патруляваць горад, яны ўсе мелі сваё адмысловае азначэнне. Цяпер такой патрэбы няма, сітуацыя стабільная, і мы не бачым вялікіх праблем. Але мы заўжды напагатове. Бо трэба заўжды быць гатовым да ўсяго. Я ўдзячны львавянам за высокі ўзровень самаарганізацыі і самадысцыпліны.

Еўрарадыё: Ці згодны Вы з тым, што сёння, калі захоўваецца такая няпэўная сітуацыя, грамадзянам трэба здаваць зброю — можа, лепш пакінуць на выпадак з’яўлення “зялёных чалавечкаў”?

Андрэй Садовы: “Зялёным чалавечкам” тут лепш не з’яўляцца, бо іх тут проста парвуць на часткі. І яны гэта выдатна разумеюць і сюды не лезуць. Яны спрабуюць нешта рабіць там, у Крыме, бо там, сапраўды, палітыкі не вельмі добра сябе паводзілі апошнія 20 гадоў. Калі людзям пастаянна расказвалі “лапшу” і давялі да таго, што вораг гэтым скарыстаўся. Калі ж казаць пра зброю, то калі нешта мае паляўнічую стрэльбу, то навошта яму яе некуды здаваць? Няхай ён яе мае — легальную, законную. Калі нехта мае нелегальную зброю, то гэта ўжо пытанне праваахоўнай сістэмы. Павінен быць парадак. Калі б я ведаў пра такія факты захоўвання нелегальнай зброі, бо я б адразу пра іх паведаміў, бо парадак мусіць быць. Маеш права на нашэнне — ты супрацоўнік міліцыі ды іншых адпаведных служб — ліцэнзію, калі ласка, а іншыя варыянты не дапускаюцца.

Еўрарадыё: Ваша меркаванне наконт узроўню санкцый ЕС супраць Расіі і Ваша стаўленне да прапановы еўракамісара Штэфана Фюле прыняць Украіну ў ЕС?

Андрэй Садовы: Прымененыя санкцыі, відаць, толькі ў пачатковай стадыі. Бо сапраўды сур’ёзных санкцый мы пакуль не бачым. У нас жартуюць, што прэзідэнт Амерыкі ў якасці санкцыі выдаліў Пуціна з сяброў на Фэйсбуку. Але калі сур’ёзна, то мы — еўрапейская краіна, і мы бачым сябе разам з усімі краінамі Еўрасаюза. А цяпер мы маем добрую магчымасць для атрымання дапамогі дзеля рэфармавання нашай эканомікі, усёй камунальнай інфраструктуры. Разумееце, Украіна адна з самых вялікіх краін Еўропы, і мы павінны быць разам з Еўропай. Чым цікавы Еўрасаюз? Там паважаюць правы людзей. Сёння гэта трэба і Украіне, і Беларусі, і шмат якім іншым краінам — трэба проста паважаць чалавека. Каб ён сваю годнасць трымаў высока. Рэвалюцыя, якая адбылася ва Украіне, — гэта рэвалюцыя годнасці. Калі людзі сказалі: “Хопіць! Мы не хочам жыць у краіне, дзе такі высокі ўзровень карупцыі”. Таму, імплементуючы заходняе заканадаўства, мы шмат добрых рэчаў зробім: каб карупцыя была мінімальная, каб быў вышэйшы ўзровень адукацыі, каб былі інвестыцыі, новыя працоўныя месцы, добрыя заробкі і каб былі вялікія сацыяльныя гарантыі.

Еўрарадыё: Расійскія палітолагі выказваюцца за федэралізацыю Украіны — прапануюць падзяліць яе на Заходнюю Украіну, Усходнюю, Крым і федэральную акругу Кіеў. Як вы ставіцеся да такой прапановы?

Андрэй Садовы: Гэта як з прыгожай дзяўчынай: як яе падзяліць — галаву адсякаць, рукі адсякаць? Мы — адна краіна, і сёння мы як ніколі ўяўляем з сябе непадзельнае цэлае. Няхай тыя расійскія палітолагі думаюць пра Расію. Вось яе чакае вялікі падзел. І тое, што  робяць расійскія палітыкі ў Крыме, — яны запусцілі бумеранг, ад якога самі і атрымаюць.

Еўрарадыё: Асабіста Вас называлі бандэраўцам?

Андрэй Садовы: У вочы — ніколі, але, можа, недзе там за спіной.

Еўрарадыё: Пакрыўдзіцеся, калі Вас у размове пачнуць “абражаць” бандэраўцам?

Андрэй Садовы: Я — украінец, і я ганаруся тым, што на нашай зямлі былі Бандэра, Шухевіч, якія ваявалі за нашу зямлю. І, заўважце, яны ніводнага сантыметра чужой зямлі не забіралі. Але калі на нашу зямлю прыходзілі нацысты, прыходзілі энкавэдысты, то яны не давалі ім забіваць нашых людзей, баранілі нашу зямлю — я лічу, што гэта быў подзвіг па тым часе. Цяпер, на жаль, шмат што ў гісторыі перакручана. І чым больш мы даведваемся гісторыі праўдзівай, тым больш мы ганарымся тымі людзьмі, якія аддалі жыццё за нашу незалежнасць.

Еўрарадыё: Як пазбавіцца недаверу, які існуе паміж людзьмі захаду і ўсходу Украіны?

Андрэй Садовы: Трэба больш камунікаваць, сустракацца, зрабіць усё магчымае, каб інфармацыйная палітыка была аб’ектыўная, каб не было гэтай “гебельсаўскай” прапаганды. Трэба проста быць нармальнымі людзьмі. Мы жывём у вельмі крохкім свеце, і таму трэба паважаць і любіць адзін другога. Летась у Львове было 1 мільён 700 тысяч турыстаў, а сёлета будзе больш. Большасць — гэта людзі, якія прыехалі з усходу Украіны, з Расіі, з Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Японіі. Едуць таму, што прыгожы горад, шматнацыянальны, шматрэлігійны. Гэта адзінства дае нам вялікі плюс. Я вялікі рэспект маю ў дачыненні да беларусаў. У вас цяжкі лёс, вайна, іншыя праблемы, але вы вельмі адкрытыя людзі, малайцы.

Еўрарадыё: У той жа час на беларускай зямлі размешчаныя расійскія ваенныя самалёты — не баіцеся ўдару ў спіну з беларускага боку?

Андрэй Садовы: Ад дрэнных людзей заўжды можна чакаць нечага дрэннага, але беларусы нам ніколі нічога дрэннага не зрабілі. Як і нармальныя расіяне. А тое, што палітыкі часам хворыя і свае амбіцыі спрабуюць выбудоўваць, робячы балюча цэлым народам, гэта вялікая праблема і за гэта яны будуць моцна пакараныя. Бо яны давалі клятву перад людзьмі і перад Богам на Канстытуцыі, і за гэта з іх спытаюцца вельмі сур’ёзна.

Еўрарадыё: Як можна вырашыць моўнае пытанне — каб не было ні ў каго жадання “абараніць рускамоўных” ва Украіне?

Андрэй Садовы: А вы ведаеце, што большасць газет ва Украіне выдаюцца на рускай мове, што ва Украіне большасць каналаў — на рускай мове? Каго абараняць? Я спакойна размаўляю па-руску, па-ўкраінску, па-польску, выдатна ведаю беларускую мову: “Я брат табе, наш старажытны Кіеў,” — некалі вучылі ў школе і дагэтуль памятаю. Трэба ведаць мовы сваіх суседзяў. Так, у нас дзяржаўная мова — украінская, але ў сям’і — калі ласка, размаўляйце так, як вам бліжэй. Так, як у Польшчы дзяржаўная мова — польская, а ў Расіі — руская, а ў Германіі — нямецкая. Гэта ж нармальна! І чым больш моў вы ведаеце — тым лепш. Трэба ў гэтым накірунку рухацца, а не заціскаць сябе ў адну мову. Сёння гэта няправільна — ведаць толькі адну мову.

Еўрарадыё: Як такому нацыянальна свядомаму мэру ўдалося ўтрымацца на пасадзе ў часы Януковіча?

Андрэй Садовы: Я працаваў у часы розных прэзідэнтаў і розных урадаў. Трэба заўжды думаць пра людзей, якія далі табе права працаваць мэрам. Гэта вельмі проста. Я нарадзіўся ў Львове, я хачу тут сустрэць сваю восень, у мяне жонка і ў нас пяцёра дзяцей. Я хачу, каб горад быў добры, каб краіна была добрай, і для гэтага ўсё раблю. І ўсіх вас запрашаю да нас у госці — мы любім беларусаў!

Еўрарадыё: Вы адмовіліся ад працы ў новым урадзе на пасадзе віцэ-прэм’ера — чаму? Можа, паставілі нейкія ўмовы, а іх не захацелі прымаць?

Андрэй Садовы: Я ніякіх умоў не ставіў. Я маю сваю кадэнцыю, якая яшчэ не завяршылася, і не маю маральнага права сказаць гараджанам: “Я бацька горада, але я вас кідаю, дзеці мае, і некуды там іду”, — гэта было б несумленна. Нягледзячы на тое, якую пасаду прапануюць, трэба проста быць сумленным перад людзьмі.

Еўрарадыё: Але па заканчэнні вашых мэрскіх паўнамоцтваў вы пагодзіцеся працаваць з гэтымі людзьмі ва ўрадзе — у тым выпадку, калі яны яшчэ пры ўладзе будуць самі?

Андрэй Садовы: Мы вяртаемся да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі. І мая амбіцыя — быць удзельнікам пабудовы вялікай моцнай партыі, якая будзе развіваць краіну. Калі я ішоў працаваць мэрам, у мяне была дакладная мэта — пабудаваць горад, у якім хочацца жыць. Сёння я разумею, што ў поўнай ступені гэтага можна дасягнуць тады, калі мы пабудуем краіну, у якой хочацца жыць. І вось, я хачу быць удзельнікам партыйнага будаўніцтва, назва вельмі добрая: партыя “Самадапамога” — самаарганізацыя, самадысцыпліна, самадапамога. Гэта тое, што ідзе ад зямлі: самакіраванне, аб’яднанне людзей. Хачу гэтаму прысвяціць сваё жыццё.

Еўрарадыё: Усходнія рэгіёны Украіны наракаюць, што “западэнцы” жывуць за іх кошт. Але я ведаю, што, да прыкладу, ваш рэгіён датуе рэспубліканскі бюджэт. За кошт чаго вы выжываеце і яшчэ іншых датуеце?

Андрэй Садовы: У бюджэце гэтага года Харкаў мае датацыю, Адэса мае датацыю, а Львоў мае лішкі грошай, якія дзяржбюджэт у нас забірае. Гэта дрэнна, бо ў нас вельмі шмат грошай забіраюць. Сто адсоткаў падатку на прыбытак усіх прадпрыемстваў ідзе ў Кіеў, а ў нас застаецца толькі 75% ад падатку на заробак. Малы і сярэдні бізнес — яны ў нас вельмі актыўна развіваецца. Ну, і плюс: Львоў — гэта сталіца ІТ. Вельмі актыўна развіваецца ІТ, і гэта вельмі вялікія грошы. Яшчэ турызм, дзякуючы якому за апошні час было створана больш за 10 тысяч новых працоўных месцаў. Мільённы горад, актыўна развіваецца, шмат студэнтаў. Можа, і яшчэ лепш усё зрабіць, калі мы будзем мець правілы, зразумелыя для ўсяго свету, калі мы зменшым узровень карупцыі ў краіне.

Еўрарадыё: Вы выступалі за перападпарадкаванне гораду мясцовых праваахоўных, сілавых ды іншых структур…

Андрэй Садовы: Не зусім так. Тая ж армія — гэта маналітная структура, як і служба бяспекі, і пракуратура, і крымінальная міліцыя — гэта дзяржаўная вертыкаль, і тут ніякіх дыскусій не можа быць. Калі ж казаць пра міліцыю, то я лічу, што грамадскі парадак і дзяржаўтаінспекцыя павінны быць у падпарадкаванні мясцовых органаў самакіравання. Гэтая формула працуе шмат у якіх краінах свету і яе трэба ўводзіць ва Украіне. І так было падчас Савецкага Саюза — міліцыя і ДАІ былі пад гарадской уладай. Трэба гэта вярнуць — і будзе больш парадку.

Еўрарадыё: Пракуратуру вы раіце не кранаць, а не так даўно гараджане актыўна выступілі супраць прызначанага з Кіева пракурора…

Андрэй Садовы: Ён працуе. Так, гараджане выступілі супраць яго прызначэння, але пакуль Генпракуратура свайго рашэння не змяніла.

Еўрарадыё: Не выключана, што частка жыхароў Крыма будзе вымушаная ўцякаць — ці гатовы іх прыняць Львоў, і што ён можа ім прапанаваць, чым забяспечыць, што гарантаваць?

Андрэй Садовы: Ёсць краіна Украіна і ёсць дзяржаўная палітыка, якая павінна быць зразумелай для ўцекачоў. Сёння ўсе абласныя цэнтры прымаюць людзей, якім гэта патрэбна. Ёсць такія людзі і ў Львове — мы ім дапамагаем. Я думаю, што сітуацыя ў Крыме больш-менш стабілізуецца і нехта абразуміць расійскую ўладу. Каб не нарабіць такой вялікай бяды.

Фота: unian.net, http://zik.ua, http://sud.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі