Межы Мінска перагледзяць дзеля вырабу цыгарэтаў

Межы Мінска перагледзяць дзеля вырабу цыгарэтаў

Межы горада і Заводскага раёна будуць змененыя. Адпаведнае рашэнне прыняла чарговая сесія Мінскага гарсавета, інфармуе БЕЛТА.

Участак плошчай 1,48 га на тэрыторыі прамысловай зоны Шабаны прапануецца ўключыць у склад Мінскага раёна і Мінскай вобласці. На ім будзе ажыццяўляцца інвестыцыйны праект па развіцці тытунёвай галіны. Каментуючы гэтую прапанову, старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Павел Лучыновіч паведаміў, што гэта прамысловая зона, на якой няма жылых будынкаў.

Паведамляецца, што ўчастак размяшчаецца побач з дзеючай вытворчасцю тытунёвай кампаніі, якая будзе займацца інвестыцыйным праектам. Больш за 70% вырабленай тут прадукцыі ідзе на экспарт. Меркаваны аб'ём інвестыцый складзе каля 100 млн рублёў, будзе створана каля 200 працоўных месцаў.

Партал tut.by са сваіх крыніцаў даведаўся, што гаворка ідзе пра кампанію, падкантрольную бізнэсоўцу Аляксею Алексіну. Праект рэалізуецца ў рамках дамоўленасцяў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

Алексін раней быў партнёрам вядомага бізнэсоўца Юрыя Чыжа, потым іх шляхі разышліся. Сёння інтарэсы Алексіна сканцэнтраваныя на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў ("Вялес-Міт"), дэвелапменце, лагістыцы і рэстаранным бізнэсе. 

Напрыканцы 2017 года ўлады даверылі яго кампаніі "Энерга-Оіл" стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі, якая будзе прадаваць тытунёвую прадукцыю як на ўнутраным рынку, так і на знешнім. Нядаўна гэтая фірма стала другім імпарцёрам цыгарэтаў (L&M, Parliament, Marlboro) у Беларусь. Раней права на імпарт цыгарэтаў меў толькі "Беларусьгандаль" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі