Міхаіл Гарбачоў ухваліў расійскую палітыку ў дачыненні Украіны
Па словах першага прэзідэнта СССР, расійскія кіраўнікі “трымаюць пазіцыю”, не ўмешваючыся ў тое, што адбываецца ва Украіне.
Пра гэта Міхаіл Гарбачоў заявіў у інтэрв’ю радыёстанцыі “Руская служба навінаў”.
“Калі наша краіна ўмяшаецца, то такі пажар можа быць, што не патушым потым усім светам. І правільна, што палітыкі трымаюць пазіцыю”, — сказаў Гарбачоў.
Экс-прэзідэнт СССР заклікаў прыкласці максімум намаганняў для таго, каб спыніць кровапраліцце.
“Трэба зрабіць усё, каб перастаць забіваць адзін аднаго, гэта ж адзін народ. Калі будуць закранутыя дзяржавы, маштабы пашырацца, і палезуць усе удзельнічаць там — мы можам выйсці на страшную бойню ў Еўропе. Але гэтага нельга дапусціць”, — заявіў Гарбачоў.
“Наша прапанова была — адкрыць праходы, з усіх катлоў вывесці людзей. Нехта сядзіць у цёплых канторах і разважае. А ў гэты час што дзеецца з людзьмі, дзецьмі, жанчынамі. Расстрэльваюць радзільні, школы, лякарні разбураюцца. 2 тысячы толькі паводле афіцыйнай інфармацыі загінула людзей, а параненых колькі”, — дадаў былы савецкі кіраўнік.
У той жа час у чацвер прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра расійскае ваеннае ўварванне, інфармуе ВВС.