Міхаіл Захараў: Мяне ў зборную Беларусі ўжо ніколі не запросяць
У сераду стала вядома, што галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Уладзімір Крыкуноў падаў у адстаўку.
Няпоўныя два месяцы займаў пасаду галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі 64-гадовы Уладзімір Крыкуноў. Ён раптоўна падаў у адстаўку і хакейная федэрацыя з яго рашэннем пагадзілася. Крыкуноў патлумачыў свой крок неабходнасцю дапамагчы хакейнаму клубу "Нафтахімік" з Ніжнекамска, галоўным трэнерам якога ён сёння стаў.
Еўрарадыё датэлефанавалася да галоўнага трэнера мінскага "Юнацтва" Міхаіла Захарава (на здымку). Ён ачольваў нацыянальную зборную ў 2003-2005 і 2009-2010 гадах. Захараў кажа, што навіна пра адстаўку Крыкунова яго вельмі здзівіла, але каментаваць гэтую падзею ён не стаў. Што да магчымай перспектывы зноў вярнуцца ў зборную, Міхаіл Захараў сказаў наступнае:
"Гэтая прапанова ніколі ў жыцці не паступіць. Ніколі! Гэта 1000%. Што не паступіць прапанова ні ў "Дынама" (Мінск), ні ў КХЛ, ні ў зборную. Таму я пра гэта нават не думаю. Таму што ведаю, што гэтага не будзе".
Адзначым, што за апошнія 22 гады беларускую хакейную зборную ачольвалі 10 чалавек. Крыкуноў і Захараў — двойчы, а канадскі спецыяліст Глен Хэнлан — тры разы.
Фота — ХК "Юнацтва"