Міліцыя: Фанаты БАТЭ парушылі дамову, у адказ АМАП зайшоў на трыбуны

Міліцыя Мінскай вобласці патлумачыла, з-за чаго узмацніўся кантроль фанатаў падчас нядаўняга матча чэмпіянату Беларусі паміж БАТЭ і “Нёманам”. Нагадаем, што ў знак пратэсту фанаты барысаўскага клуба пакінулі трыбуну, а кіраўніцтва барысаўскага клуба на скандал адрэагавала крытычна.

“Я пагутарыў з кіраўніком АМАПа, які знаходзіўся на месцы. Сітуацыя развівалася наступным чынам, ― кажа Аляксандр Данільчанка, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама. ― У мінулым годзе з футбольнымі клубамі была заключана партнёрскае пагадненне аб тым, што супрацоўннікі АМАПа прысутнічаюць на трыбунах у мінімальнай колькасці і ўзаемадзейнічаюць з фанатамі як мага менш. Цягам пэўнага часу дамова не парушалася, але пад канец мінулага сезона з боку фанатаў пачаліся парушэнні дамоваў.


Што тычыцца сітуацыі з прыхільнікамі БАТЭ, то дзве гульні таму яны прынеслі з сабой расцяжкі, на якіх былі змешчаны абразлівыя абрэвіятуры, у мацернай форме. Банар гэты схавалі на сабе, і яго супрацоўнікі міліцыі выпадкова выявілі пры асабістым даглядзе. Зрабілі заўвагу, фанацкіх кіраўнікоў папрасілі спыняць такія дзеянні. На наступнай гульні фанаты пачалі крычаць мацерныя крычалкі, якія абражалі фанатаў-супернікаў. Пасля гэтага міліцыя папярэдзіла фанатаў: раз вы парушаеце партнёрскія пагадненні, мы будзем прымаць меры.


Для фанатаў з’яўляецца абразлівым, калі на трыбуне, дзе яны прысутнічаюць, ёсць і супрацоўнікі міліцыі. Таму амапаўцы выстройваюцца па краях трыбуны, да саміх фанатаў не заходзяць. На гэты раз міліцыя знаходзілася ўнутры трыбуны. На гэта фанаты абразіліся, развярнуліся і сышлі. Паступіла аператыўная інфармацыя, што рыхтуецца правакацыя: фанаты могуць выбегчы на стадыён. Таму АМАП збудаваўся ў ланцужок за табло і перакрыў  шлях на поле ўнізе.  


У інтэрнэт-публікацыях былі выказванні, што амапаўцы прымушалі здымаць красоўкі, вымаць вусцілкі. З усёй адказнасцю магу заявіць, што супрацоўнікі не прымушалі здымаць рэчы. Калі ў некага з фанатаў ёсць такое відэа, то мы будзем праводзіць разбіральніцтвы і праглядаць нашы відэазапісы. Патрабаванне здымаць рэчы можа быць выстаўлена, толькі калі ёсць інфармацыя пра пранос наркотыкаў ці нейкай забароненай амуніцыі”.


Фота — Goals.by
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі