Міліцыя называе неправеранымі звесткі пра збіццё Максіма Харошына

Міліцыя называе неправеранымі звесткі пра збіццё Максіма Харошына

Сталічная міліцыя пракаментавала сітуацыю з Максімам Харошыным, якога пасля затрымання даставілі з Першамайскага РУУС у лякарню. 

Нагодай для каментара ГУУС Мінгарвыканкама стала відэа, дзе бачна, як мужчына з цяжкасцю ідзе да "хуткай". Гэты відэасюжэт шырока разышоўся ў інтэрнэце.

"Папярэдне можна паведаміць, што яго даставілі ў Першамайскае РУУС горада Мінска за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння. Работнікі аховы здароўя прыбылі па выкліку супрацоўнікаў міліцыі, якім ён паведаміў пра наяўныя ў яго захворванні. Маладога чалавека адвезлі ў медустанову.

У частцы прычынення цялесных пашкоджанняў, пра якія паведамляецца ў некаторых інтэрнэт-крыніцах, інфармацыя не правераная. Грамадзянін мае права звярнуцца ў следчыя органы з заявай для правядзення праверкі ў частцы абставінаў атрымання цялесных пашкоджанняў", — цытуе TUT.by каментар мінскай міліцы.

Як паведамлялася раней, уладальніка кветкавай крамы Максіма Харошына затрымалі зранку 13 кастрычніка. Па словах жонкі і адваката, пры затрыманні супраць яго ўжывалі фізічную сілу, а ў Першамайскім РУУС яго збілі так, што давялося выклікаць медыкаў. У лякарні ў Харошына дыягнаставалі траўмы мяккіх тканак і ўнутраных органаў. Адвакатка са словаў Харошына паведаміла, што асноўнае збіццё адбывалася менавіта ў РУУС.

Харошын удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, дарыў кветкі жанчынам. 

Увечары 13 кастрычніка ў кветкавую краму Харошына стала чарга пакупнікоў, каб падтрымаць яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі