Міліцыя патрабуе ад фатографа Уладзя Грыдзіна вярнуцца ў пастарунак
З ім, нібыта, хоча пагаварыць начальнік Заводскага РУУС. Фатограф паведаміў, што будзе чакаць афіцыйнай позвы.
Фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін быў затрыманы сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска. Як паведамляла Еўрарадыё, там цяпер праходзіць працэс над Дзянісам Замяталіным, сынам вядомага беларускага чыноўніка і ідэолага Уладзіміра Замяталіна. Інфармацыя пра затрыманне была супярэчлівая. Еўрарадыё датэлефанавалася да Уладзя, каб даведацца падрабязнасці пра здарэнне.
“Мяне абвінавацілі ў тым, што я нібыта сфатаграфаваў канвой. Але гэтага не было, я зрабіў толькі некалькі кантрольных кадраў у залі, там яшчэ нават не пачалося паседжанне на той момант”, — расказвае Еўрарадыё Уладзь Грыдзін.
Фатографа спачатку завезлі ў Заводскі РУУС, потым адпусцілі. Аднак праз некаторы час міліцыянты пазванілі ізноў:
“Настойліва назвоньваюць. Просяць вярнуцца ў РУУС. Нібыта, са мной хоча пагаварыць асабіста начальнік. Я пакуль не ведаю, ці паеду. Зараз знаходжуся ў рэдакцыі. Прымаю рашэнне”, — гаворыць Грыдзін.
Пазней фатограф паведаміў журналістам, што не пойдзе ў міліцыю без афіцыйнай позвы.
Здымак з архіву. Фота: nn.by