Следчага-наркагандляра асудзілі на 12 гадоў
Пакаранне ён будзе адбываць у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска 13 красавіка асудзіў былога следчага міжраённага аддзела Следчага камітэта на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Як паведамляе сайт Вярхоўнага суда, старшы лейтэнант юстыцыі здзейсніў асабліва цяжкія злачынствы супраць здароўя насельніцтва, пры гэтым меў карыслівыя інтарэсы.
Паведамляецца, што з лютага па верасень 2014 года набыў у невядомых асобаў наркотыкі — марыхуану, амфетамін і інш. Наркотыкі ён набываў у Полацку, Наваполацку, Мінску і ў Мінскім раёне. Потым следчы арганізаваў продаж наркотыкаў праз інтэрнэт. Пакупніку ён перасылаў рэквізіты электроннага кашалька, куды трэба перавесці грошы. Пасля пераводу грошай ён зноў жа праз інтэрнэт паведамляў пра закладкі тайніка, дзе захоўваліся наркотыкі.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну.
Яму прысудзілі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, мужчыну пазбавілі звання старшага лейтэнанта юстыцыі і пазбавілі права займаць пасады, звязаныя са службай у праваахоўных органах, тэрмінам на пяць гадоў.
Фота — uainfo.org