Мімаў і музыкаў з Маркса пераселяць пад царкву і Генпракуратуру?

“Былі шматлікія скаргі жыхароў з Карла Маркса. Усе культурныя мерапрыемствы перамесцяцца ў Верхні горад. Там гэтыя вуліцы зараз праходзяць рэканструкцыю, тая ж Рэвалюцыйная”, — коратка адказваюць Еўрарадыё ў Мінгарвыканкаме пра пешаходную вуліцу.

Значыць, мімы на хадулях, музыкі і мастакі сёлета ўвесну пераязджаюць. Але куды канкрэтна, у Мінгарвыканкаме сказаць не могуць. У Верхнім горадзе, напрыклад, знаходзіцца Кафедральны сабор, а на вуліцы Рэвалюцыйнай — будынак Генеральнай пракуратуры.

“Няма яшчэ ніякіх установак па арганізацыі там мерапрыемстваў. Размова ішла пра Інтэрнацыянальную і Рэвалюцыйную вуліцы. Праўда, пакуль яны не закрыты, таму зараз яшчэ нічога не зразумела”, — адказваюць у адміністрацыі Цэнтральнага раёна, у які пешаходная вуліца пераязджае з Ленінскага.

І ўздыхаюць: “Дадалі галаўнога болю”. Але дзе размесцяць музыкаў і як будзе выглядаць цяпер пешаходны квартал, за тры месяцы да пачатку сезону патлумачыць не могуць.

Як даведваецца Еўрарадыё, начальніца аддзела культуры Ленінскага раёна Мінска, якая два гады займалася пешаходнай вуліцай, сышла з адміністрацыі раёну.

“Апошнія месяцы скаргаў ад жыхароў было менш. Але вырашылі знайсці альтэрнатыву. Аднак магчымасцяў там шмат: мы глядзелі гэтую пляцоўку, там шмат куткоў, дворыкаў. Перанос быў нечаканым, але там магчымасцяў больш”, — расказвае Аксана Нікіціна. Абяцае, што праект пешаходнай вуліцы не кіне.

Гэта была прафанацыя, а не пешаходная вуліца, адразу кажа жыхар вуліцы Карла Маркса, пісьменнік Уладзімір Арлоў:

“Вуліца Маркса ніколі не была пешаходнай. Гэта быў адзін пешаходны квартал, там выступалі адразу тры музычныя гурты, якія перакрывалі адзін аднога. Там адбывалася стоўпатварэнне і не было прасторы для ўсіх, каб пачувацца камфортна. Калі б уся вуліца была пешаходнай, я б гэта вітаў — а так пешаходны участак быў толькі каля нашага дому. Гэта прафанацыя ідэі, не падобна да іншых еўрапейскіх сталіц”, — выказваецца Уладзімір Арлоў.

Упершыню вуліца Карла Маркса стала пешаходнай на выхадных у траўні 2012 года. За два гады існавання пешаходнай зоны там выступілі сотні гуртоў, прайшло некалькі фэстаў. Пад пешаходную зону адкрыліся адразу некалькі кавярняў, якія у Верхні горад наўрад ці пераедуць.

Вуліца Карла Маркса

Фота: Еўрарадыё. На першым фота — Маркса ўлетку мінулага году.

У Мінску адбыўся форум вулічных тэатраў (фотарэпартаж)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі