“Пешаходная зона” у Мінску летам: зноў клоўны і джаз па суботах (карта)

Другі вяснова-летні сезон у Мінску пройдзе без пешаходнай вуліцы. Замест яе, як і летась, па выхадных забаўляць мінчан і гасцей горада будуць у “пешаходнай зоне” на плошчы Свабоды.

“Пешаходную зону” пашыраць, а час працы падоўжаць.

Пашыраць пляцоўку, дзе па выхадных будуць выступаць клоўны, музыкі і вулічныя тэатры, плануюць у бок вуліцы Кірыла і Мефодыя, у раён новай гасцініцы “Манастырская”.

“Будуць выступы тэатраў, вулічных музыкаў ды іншыя разнастайныя формы, — апісвае намеснік кіраўніка упраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў. — З пэўнымі перапынкамі, але плануем цягам усяго дня. Пакуль пашыраем зону Верхняга горада крыху ўніз, там адкрылася новая экспазіцыя Музея горада Мінска, музей-карэтная".

Летась, па назіраннях карэспандэнта Еўрарадыё, у “пешаходнай зоне” было нялюдна. Часам можна было заўважыць аднаго клоўна ці фокусніка, пад вечар з’яўляліся музыкі і вулічныя тэатры. Але найбольш ажыўленай гэта забаўляльная зона выглядала хіба падчас чэмпіянату свету па хакеі: збірала да сотні чалавек. На Карла Маркса, калі тая была пешаходнай, людзей было больш у некалькі разоў, маглі выступаць адразу некалькі музыкантаў.

“Джазавыя суботы” будуць, але толькі ў чэрвені.

“Джазавыя суботы”, якія летась перанеслі ў “зону гасціннасці” па праспект Пераможцаў, вернуцца да ратушы. Арганізатары абяцаюць гурты з Германіі, Фінляндыі, Брытаніі, Даніі. Але назвы пакуль не анансуюць.

“Мы абмяркоўваем апошнія дэталі, стаім цяпер каля ратушы. Сцэна будзе стаяць каля канцэрт-хола, так, як мы рабілі ў першы год. Граць будуць з 20 да 23:00”, — абяцае адзін з арганізатараў Павел Вештарт.

Першыя “джазавы суботы” прайшлі ў Мінску два гады таму. Тады ж існавала і пешаходная вуліца Маркса, а людзі маглі абіраць: слухаць джаз ля Ратушы ці глядзець на мімаў, клоўнаў і тэатры на Маркса.

У “пешаходнай зоне” бясплатна правядуць па ратушы.

Музей гісторыі Мінска абяцае з траўня вадзіць бясплатныя экскурсіі па выхадных. А таксама тут задумваюцца, як выкарыстаць новую пляцоўку ля “карэтнай”.

Упершыню вуліца Карла Маркса стала пешаходнай на выхадных у траўні 2012-га. За два гады існавання пешаходнай зоны там выступілі сотні гуртоў, прайшло некалькі фэстаў. На Маркса паспелі сыграць Re1ikt, Kriwi, Irdarath, CityZen, "Рэха" ды многія іншыя. Тут жа прайшоў форум вулічных тэатраў. Пад пешаходную зону адкрылася адразу некалькі кавярняў. Улады горада закрылі пешаходную вуліцу праз скаргі мясцовых жыхароў, якім перашкаджаў шум. Чыноўнікі перанеслі ўсе забавы ў “пешаходную зону” на плошчы Свабоды, якая і так не была праезжай. Пакуль новае месца не карыстаецца такой жа папулярнасцю ў мінакоў і прайграе па ўзроўні арганізацыі і відовішчаў.

Фота: liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі