На вуліцы Карла Маркса забаранілі бубны і электрагітары
Жыхароў першай мінскай пешаходнай вуліцы даканалі перкусіяністы. Мінгарвыканкам адмяніў там усе выступы акрамя акустычных.
“Скаргі. Вельмі шмат скаргаў. Таму ў гэтыя выходныя мы ўсё адмяняем. А да наступных будзем рабіць больш сур’ёзны адбор, нават у дворык”, — тлумачыць Еўрарадыё сітуацыю Аксана Нікіціна, кіраўніца аддзелу культуры Ленінскага раёна сталіцы.
Па яе словах, найперш жыхары першай мінскай “пешаходкі” скардзяцца на перкусіяністаў — вулічных музыкаў з маленькімі бубнамі, на якіх граюць, заціскаючы паміж каленямі.
“Акрамя калектываў, якія загадзя ўзгаднялі з намі свае выступы, прыходзілі музыкі яшчэ і самі па сабе. Атрымлівалася какафонія. Шмат такіх пытанняў было да бубначоў. Яны вельмі гучныя, ідуць гэтыя ўдары ў вокны… Нават не тое, што ўдарныя ўстаноўкі, а перкусіі. Здаецца, інструменты зусім маленькія. А гук ідзе сур’ёзны”, — працягвае Аксана Нікіціна.
Яшчэ ў красавіку выступы “цяжкіх” музыкаў збіраліся перанесці з Карла Маркса ў парк “Дрымлэнд” на вуліцу Арлоўскую. Але супраць гэтага выступілі самі музыкі:
“Не хочуць самі калектывы выступаць на іншай пляцоўцы. Усе імкнуцца менавіта сюды, на пешаходную вуліцу. Магчыма, будзе знойдзеная альтэрнатыўная пляцоўка. Парк Горкага ці вуліца Рэвалюцыйная”.