Пешаходную вуліцу з рок-канцэртамі замянілі вулічным тэатрам ля Ратушы

На вуліцы Карла Маркса сёлета ў выхадныя ціха: ні мімаў, ні канцэртаў, ні рамеснікаў, бо пешаходную вуліцу перанеслі да гарадской ратушы, дзе і так не было дарожнага руху.

“Там у нас праходзяць мерапрыемствы. На плошчы Свабоды і на Герцана”, — апісваюць у адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, які цяпер займаецца “пешаходнай вуліцай”.

У траўні падчас чэмпіянату свету па хакеі ля Ратушы сапраўды можна было пабачыць вулічныя тэатры. Але выступоўцаў і гледачоў, паводле падлікаў Еўрарадыё, было значна менш, чым раней на Маркса.

“Тое, што было на Карла Маркса, сюды пераносіць нельга, бо тут царква, аб’екты мастацтва. Усё сюды не падыдзе, тут іншы фармат: тэатральна-музычная праграма. На Маркса многія мерапрыемствы мелі не вельмі эстэтычную форму, таму цалкам мы пераносіць не будзем”, — расказваюць у “Мінскканцэрце”, які цяпер займаецца новай “пешаходнай вуліцай”.

Пакуль на новай пляцоўцы ў выхадныя выступаюць вулічныя тэатры і танцавальныя калектывы, працягваюць у "Мінскканцэрце":

“Мы адбіраем тых, хто мае большае дачыненне да мастацтва і меншае да самадзейнасці, — працягваюць у “Мінсканцэрце”. — У нядзелі ў нас выступае вулічны тэатр і грае аркестр “Няміга”. У суботы ў нас робіць інсталяцыю рэжысёр Ігар Усенка, з 12 да 13 гадзін. Калі адкрываўся форум вулічных тэатраў, была задзейнічаная і вуліца Замкавая”.

Гадзіна інсталяцый ад рэжысёра супраць цэлага дня выступаў музыкаў на Маркса, дзе паспелі адыграць Kriwi, “Irdorath”, “Relikt”, “Рэха” ды іншыя вядомыя ў Беларусі музыкі. Арганізатары абяцаюць, што будуць пашырацца.

На новай пляцоўцы няма і рамеснікаў, якія прадавалі свае вырабы на Маркса. Рамесніца Ганна нават хадзіла на сустрэчу ў адміністрацыю горада, але там нічога не вырашылі.

“Я жыву на Маркса, у вольны час там працавала. Шум мне не перашкаджаў. Можна было прыйсці ў любы час, пагандляваць і сысці. А цяпер, каб нешта прадаць, трэба шукаць выставы, плаціць за гэта. Мінімум гэта каштуе паўмільёна. А ў Верхнім горадзе абяцалі даць месца, але нічога не з’явілася. Прапануюць нешта здаваць у тры шапікі, якія там стаяць”, - кажа Ганна.

У кавярні “Перчык” на Маркса з адменай пешаходнай вуліцы сышла палова “выхадных” кліентаў.

“Раней наведнікі вуліцы да нас увесь час прыходзілі, у выхадныя ўсё забіта было”, — гавораць у адміністрацыі кавярні.

Страцілі і ў кавярні “У Янкі”, па суседстве. Тут паставілі столікі на вуліцы, бо чакалі, што вуліца будзе і сёлета. Цяпер замест аншлагу на летняй тэрасе ў выхадныя занятыя толькі некалькі месцаў.

Упершыню вуліца Карла Маркса стала пешаходнай на выхадных у траўні 2012-га. За два гады існавання пешаходнай зоны там выступілі сотні гуртоў, прайшло некалькі фэстаў. Пад пешаходную зону адкрылася адразу некалькі кавярняў. Улады горада закрылі пешаходную зону праз скаргі мясцовых жыхароў, якім перашкаджаў шум.

На фота злева пешаходная вуліца на Маркса, справа - вулічныя тэатры ля Ратушы.

Фота: Еўрарадыё, eurobelarus.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі