Мінабароны Беларусі купляе расійскія дроны "Суперкам" на 1 мільён долараў
Дрон "Суперкам" / ТАСС
Міністэрства абароны Беларусі плануе купіць расійскія тактычныя беспілотныя авіякомплексы. Тэндар на 3,1 мільёна рублёў (больш за 1 мільён долараў) знайшлі на партале дзяржзакупак журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра.
Гаворка ідзе пра два комплексы "Суперкам С350" (ці іх аналагі) і пра адзін комплекс "Суперкам С150" (ці аналаг). У камплект уваходзяць сам беспілотнік, кіраваныя відэакамеры, батарэі, сродкі дыстанцыйнага кіравання, планшэт ды іншыя прылады.
Распрацоўкай дронаў "Суперкам" займаецца расійская кампанія "Беспілотныя сістэмы". Комплекс "Суперкам С350" выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Ён можа знаходзіцца ў паветры да 4,5 гадзіны. Пры гэтым дрон можа перадаваць інфармацыю на адлегласці да 100 кіламетраў. На сайце кампаніі пазначана, што комплекс можна выкарыстоўваць для назірання і разведкі, а таксама для абароны дзяржаўных межаў.
"Суперкам С150" можа знаходзіцца ў паветры да 2 гадзін, а інфармацыю перадае максімум на 25 кіламетраў.
Такія беспілотнікі Расія выкарыстоўвала для разведкі на тэрыторыі Украіны як мінімум двойчы — у лістападзе і ў студзені.
Ад пачатку шырокамаштабнай расійскай вайны ва Украіне гэта ўжо трэці такі тэндар беларускага абароннага ведамства. У траўні 2022-га Мінабароны вылучыла крыху больш за 1,8 млн рублёў на куплю некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, а летась у чэрвені — 2 млн рублёў на комплексы "Суперкам-350" або аналагі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.