Мінабароны Расіі прызнала, што ўтрымлівае ўкраінскую журналістку
Вікторыя Рошчына
Расійскія ўлады пацвердзілі, што ўтрымліваюць украінскую журналістку Вікторыю Рошчыну, якая знікла год таму. Гэта стала вядома з ліста, які бацька Вікторыі атрымаў з міністэрства абароны Расіі — раней ён звяртаўся ў расійскае вайсковае ведамства з запытам. Пра ліст распавёў у сацсетках кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.
"Паводле наяўных звестак, Рошчына Вікторыя Уладзіміраўна, 6.10.1996 года нараджэння, затрыманая і знаходзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі", — гаворыцца ў адказе расійскага Мінабароны. Раней у Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа бацьку Рошчынай казалі, што ягоная дачка знаходзіцца ў палоне і доступу да яе няма.
Вікторыя Рошчына пісала пра вайну з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Раней яе ўжо затрымлівала расійскае ФСБ, але тады праз 10 дзён яе адпусцілі. Пасля яна працавала журналісткай на падкантрольнай украінскаму ўраду тэрыторыі. Аднак у жніўні 2023 года для падрыхтоўкі рэпартажу выехала на акупаваную тэрыторыю і знікла.
Свае матэрыялы Рошчына публікавала ва "Украінскай праўдзе", "Грамадскім" і "Радыё Свабода".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.