Мінчука, які выкінуў сабаку з пятага паверху, будуць судзіць
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць 29-гадовага мінчука, якога вінавацяць у жорсткім абыходжанні з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі.
Здарэнне адбылося ўдзень 20 кастрычніка 2017 года на сталічнай вуліцы Ясеніна. На лесвічнай пляцоўцы пятага паверха мужчына збіў сабаку і выкінуў яго з агульнага гаўбца. Жывёла загінула на месцы здарэння.
Як паведамляе следства, сабака жыў у кватэры цешчы абвінавачанага. Мужчына прыехаў туды, каб дапамагчы з рамонтам. Выпіўшы, ён пайшоў выгуляць сабаку, аднак той стаў супраціўляцца. Гэта не спадабалася мінчуку і выклікала ў яго агрэсію. Відавочцам здарэння стала суседка, якая зрабіла заўвагу мужчыну, аднак ён не спыніўся.
Пабачыўшы выкінутага сабаку, мінакі паведамілі пра інцыдэнт на нумар 102. Міліцыянты затрымалі мужчыну. На час следства з яго ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Паведамляецца, што абвінавачаны раскаяўся ў зробленым.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.