Мінчукі ў Новай Баравой заўважылі безгаспадарчую свінню
У прыгарадзе Мінска, у Новай Баравой, 9 кастрычніка жыхары заўважылі свінню, якая разгульвала па вуліцах.
Абвестка пра безгаспадарчую свінні з'явілася на Фэйсбуку ў групе пра зніклых жывёл у Мінску. Тамсама былі апублікаваныя і фатаздымкі жывёлы.
Як высветліў tut.by, свіння прыйшла да людзей яшчэ ў нядзелю, 8 кастрычніка, — яна завітала на будпляцоўку ў Новай Баравой. Пра гэта журналістам паведаміў рабочы Міхаіл.
Рабочыя адагналі свінню, каб яна не звалілася ў катлаван, і нават знайшлі для яе штосьці кшталту будкі. Там жывёлу трымалі амаль суткі, пакуль шукалі гаспадароў. Знайсці іх спрабавалі і праз міліцыю, і праз інтэрнэт. Аднак пошукі плёну не прынеслі.
"Учора яе адпусцілі, бо карміць трэба — хоча і піць, і есці. Пайшла траўку шчыпаць да лесу, больш яе не бачылі. А свіння вельмі вялікая, ня менш за 100 кг, таму было дзіўна, што не шукалі! Яна дагледжаная, хатняя, да людзей ішла — ніякіх пытанняў", — распавёў Міхаіл.