Мінэнерга: Беларуская камісія шукае пашкоджанні корпуса рэактара

Мінэнерга: Беларуская камісія шукае пашкоджанні корпуса рэактара

Беларуская камісія працуе ў Астравецкім раёне на будаўнічай пляцоўцы АЭС. Яна шукае магчымыя пашкоджанні корпуса рэактара. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі.

"Зараз стан корпуса рэактара ацэньвае беларуская камісія. Аб выніках яе працы мы паінфармуем. Калі корпус патрабуе замены, яго памяняюць", ― расказала прэс-сакратар ведамства Жанна Зянькевіч.

Інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС адбыўся ў ноч на 10 ліпеня, пра яго стала вядома значна пазней. Корпус рэактара пераносілі з аднаго месца на другое на вышыні чатыры метры, калі паламаўся пад'ёмны кран. Сам корпус замацавалі з перакосам. Паўгадзіны ён вісеў, нахіляўся ўсё больш, пакуль не "датыкнуўся да зямлі", але з корпусам "не здарылася нічога надзвычайнага". Такую версію агучыў першы намеснік гендырэктара расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" Аляксандр Локшын. Паводле яго слоў, расійскі падрадчык гатовы замяніць корпус першага рэактара на Беларускай АЭС, калі ў гэтым будзе неабходнасць і калі на гэтым будзе настойваць беларускі бок.

У Мінэнерга Беларусі абяцаюць інфармаваць аб усіх рашэннях, якія будуць прымацца ў сувязі з інцыдэнтам на будаўніцтве Астравецкай АЭС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі