Мінфіну ЗША забаронена выдаваць Беларусі і Расіі долары узамен сродкаў МВФ
ЗША не будуць даваць Беларусі і Расіі долары / Еўрарадыё
У аўторак, 4 кастрычніка, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон, які забараняе міністру фінансаў прадастаўляць Беларусі і Расіі долары ўзамен сродкаў Міжнароднага валютнага фонду — СДР (гэта спецыяльныя правы запазычання, якія з'яўляюцца разліковай адзінкай МВФ). Адпаведнае паведамленне з'явілася на сайце Белага дома.
Таксама міністр фінансаў ЗША абавязаны весці кансультацыі з іншымі краінамі, каб тыя таксама адмовіліся пераводзіць СДР Беларусі і Расіі ў цвёрдую валюту.
Акрамя таго, міністр фінансаў павінен даць указанне прадстаўнікам ЗША ў Сусветным банку і МВФ, каб яны выступалі супраць вылучэння фінансавай дапамогі Беларусі і Расіі — "акрамя як для задавальнення асноўных патрэбаў грамадзянскага насельніцтва".
Гэтая ініцыятыва будзе дзейнічаць пяць гадоў пасля прыняцця. Аднак яна можа быць адмененая і праз 30 дзён пасля таго, як прэзідэнт ЗША пацвердзіць Кангрэсу, што ўрады Беларусі і Расіі "спынілі дэстабілізуючую дзейнасць у дачыненні да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны".
СДР (сродкі, вылучаныя МВФ) можна абмяняць на пяць валют: долары, еўра, іены, фунты стэрлінгаў і юані.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.