Мінгандлю не знайшло парушэнняў у продажы сшыткаў з расійскім гербам
Продаж у гандлёвай сетцы Fix Price сшыткаў з выявай расійскага герба і сцяга не парушае беларускага заканадаўства. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў адказ на запыт, ці не з’яўляецца парушэннем закона гандаль таварамі з выявай дзяржаўных сімвалаў іншай краіны.
Гандаль сшыткамі, на якіх намаляваны расійскі герб, Крэмль і матрошкі, абурыў некаторых бацькоў, калі яны рыхтавалі дзяцей да новага навучальнага года.
“Заканадаўства аб гандлі Рэспублікі Беларусь не змяшчае абмежаванняў на продаж тавараў з выявамі дзяржаўных сімвалаў іншых дзяржаў. Продаж такіх тавараў не з'яўляецца парушэннем правілаў гандлю. Таксама выявы дзяржаўных сімвалаў розных дзяржаў на друкаванай прадукцыі (сшытках, нататніках і г. д.) не з'яўляюцца рэкламай і, адпаведна, продаж такіх тавараў не парушае патрабаванняў заканадаўства аб рэкламе”, — паведамляецца ў адказе.
У Міністэрстве гандлю дадаюць, што навучальныя дапаможнікі, сшыткі і слоўнікі па замежнай мове часцяком змяшчаюць дзяржаўную сімволіку іншых краін і прадаюцца ў Беларусі многія гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.