Мінінфармацыі: Мы не выносілі папярэджанняў “Хартыі” і “Белпартызану”

Некаторыя правайдары пачалі блакаваць сайты сайты Charter97.org, Spring96.org і Belaruspartisan.org. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі.

“Доступ да рэсурсу заблакаваны на падставе Пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь №6/8 ад 19 лютага 2015 года”, — такое паведамленне з’яўляецца на маніторы падчас спробы зайсці на згаданыя сайты.

Гэтая пастанова ААЦ прадугледжвае блакаванне сайта за два папярэджанні цягам года ад Мініфармацыі. Згодна з пастановай правайдары павінныя абмежаваць доступ да сайта, які атрымаў два ці больш папярэджанні ад Мініфармацыі і ўнесены ў спіс, на працягу сутак. Доступ да рэсурсу абмяжоўваецца для ўсіх карыстальнікаў, акрамя спецыяльных органаў, прапісаных у пастанове.

Аднак у Прававым упраўленні Мінінфармацыі Еўрарадыё паведамілі, што папярэджанняў згаданым інтэрнэт-рэсурсам не выносіліся. “Мы нічога пра гэта не ведаем”, — гавораць там.

Так званыя “чорныя спісы” сайтаў, доступ да якіх блакуецца ў Беларусі, складае арганізацыя БелДІЭ. Там прычыны блакавання на дадзены момант не каментуюць.

За што ў Беларусі могуць заблакаваць доступ да сайта згодна з Пастановай ААЦ?

1. Калі іх уладальнікам цягам года вынесена два і больш пісьмовых папярэджанні Міністэрства інфармацыі;

2. Калі яны змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, іншую інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама праз рашэнні суда, якія ўступілі ў законную сілу;

3. Калі іх уладальнікі не выканалі законнае патрабаванне дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі