Міністр архітэктуры ўзяў крэдыт на двухпакаёвую кватэру
Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны будуе новае жыллё ў Мінску. Тры гады таму чыноўнік пераехаў у сталіцу з Магілёва.
У інтэрв'ю "Народнай Волі" чыноўнік паведаміў: "У Магілёве ў мяне засталося жыллё, у якім я жыў. У Мінску літаральна нядаўна пабудаваў двухпакаёвую кватэру ў "мапідаўскім" доме".
Па словах Чорнага, зямельнага ўчастку ён не мае, а на будаўніцтва кватэры два месяцы таму ўзяў крэдыт у "Белаграпрамбанку". Дом з міністэрскай кватэрай яшчэ будуецца ў мікрараёне Уручча. Пакуль жа чыноўнік разам з жонкай займае службовае жыллё.