Міністр — пра шматдзетных маці: Чатырох дзяцей можна і за 9 гадоў нарадзіць!

Міністр — пра шматдзетных маці: Чатырох дзяцей можна і за 9 гадоў нарадзіць!

На пасяджэнні 9 лістапада парламентарыі ў першым чытанні разглядаюць змены ў закон “Аб пенсійным забеспячэнні”. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адразу пачынае з тлумачэння, чаму ў дакумент не трапілі праўкі, прапанаваныя народнымі абраннікамі.

Калі коратка, то аргумент такі: каштаваць гэта Фонду сацыяльнай абароны будзе 528 мільёнаў штогод, грошай такіх няма. Лагічнае пытанне дэпутатаў: чаму менавіта такая сума, дзе калькуляцыя падлікаў? Яе няма! Дакладней, тыя падлікі міністэрства працы і сацыяльнай абароны нават народным абраннікам не паказвае.

Што гэта за праўкі такія? Першая закранае “пенсійныя інтарэсы” шматдзетных маці. Паводле заканадаўства, толькі 9 гадоў адпачынку па доглядзе за дзіцём залічваюцца ў працоўны стаж. А калі ў вас 4 дзяцей і ў адпачынку вы былі 12 гадоў? Тады тры гады губляецца! На гэта звяртае ўвагу дэпутат парламента Андрэй Рыбак:

“Сёння калі не выкананыя нормы па страхавым стажы, права на працоўную пенсію можна атрымаць толькі маючы агульны стаж у 40 гадоў. Маці, да прыкладу, нарадзіла шмат дзяцей. У яе агульная працягласць адпачынку па доглядзе за дзіцём не 9, а 12 гадоў ― тры гады ў стаж не ўвайшло. І можа акурат іх той маці да тых 40 гадоў стажу і не хопіць!”.

Міністр — пра шматдзетных маці: Чатырох дзяцей можна і за 9 гадоў нарадзіць!
Андрэй Рыбак, фота Змітра Лукашука

У міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч пазіцыя іншая. Яе яна і выказвае Еўрарадыё на выхадзе з Авальнай залы.

Ірына Касцевіч: “Гэты стаж нельга мераць дзецьмі ― гэты стаж мераецца гадамі. За дзевяць гадоў можна нарадзіць і чатырох дзяцей. А мы плюсуем тры плюс тры і тры ― трое дзяцей і 9 гадоў стажу, якія залічваюцца ў працоўны стаж. Гэта, бясспрэчна, патрабуе дадатковых фінансавых рэсурсаў”.

Другая дэпутацкая праўка – спроба вярнуць “пенсійную справядлівасць” работнікам шкоднай вытворчасці. Тым, хто з-за шкодных умоў працы выйшаў на пенсію раней, але працягвае працаваць, “пенсійная” праца на памеры пенсіі не адбіваецца.

Андрэй Рыбак: “Чалавеку прызначаная пенсія ў 50 гадоў ці ў 55, але ён па-ранейшаму працуе, і па-ранейшаму плацяцца ў пенсійны фонд грошы. І яны ў мяне пастаянна пытаюцца: “Чаму на нашай пенсіі гэта ніяк не адбіваецца?”

Міністр Ірына Касцевіч спрабуе ў адказ давесці, што пералічэнні тыя нязначныя, але дэпутаты такім аргументам веры не даюць. І абяцаюць дамагацца ўключэння сваіх правак у законапраект. Які, дарэчы, быў ухвалены ў першым чытанні толькі… з двума галасамі супраць. У чым, пагадзіцеся, таксама не шмат логікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі