Міністр працы распавяла, як у 2019-м у Беларусі будзе расці рэальны заробак
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч распавяла, як у 2019-м у Беларусі будзе расці рэальны заробак. Паводле яе слоў, паводле прагнозу, тэмп росту мусіць скласці 3,5%, а ў бюджэтнай сферы — 4,5% (у мінулым годзе — адпаведна 10,2% і 13,1%), інфармуе БЕЛТА.
Касцевіч нагадала, што падрыхтаваны праект указу "Аб аплаце працы працаўнікоў бюджэтных арганізацый". З яго дапамогай "архаічная сістэма аплаты працы бюджэтнікаў" мусіць стаць больш зразумелай — стабільная частка акладу будзе на ўзроўні 50-60%, астатняе — стымулюючыя надбаўкі. Зменшыцца колькасць тарыфных разрадаў — з 27 да 18. Тарыфную стаўку першага разраду збіраюцца замяніць базавай стаўкай, распавяла міністр.