Міністр расказаў, якія праблемы ЖКГ будзе вырашаць Акадэмія навук
Навукова-даследчы цэнтр ЖКГ пры Нацыянальнай акадэміі навук будзе максімальна практыка-арыентаваным. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.
Па яго словах, навукоўцы мусяць даць эканамічнае абгрунтаванне самой мадэлі функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі — ад арганізацыйна-прававых аспектаў і да эканомікі сістэмы, а таксама кошту паслуг. Установа мусіць арыентавацца на практыку, на тое, што актуальна тут і цяпер, патлумачыў чыноўнік.
Мяркуецца, што навукоўцы будуць займацца распрацоўкай новых тэхналогій, звязаных з ачысткай вады, укараненнем навацый у цеплазабеспячэнні.
Церахаў лічыць вельмі важным стварэнне такога цэнтра, бо гэта сведчыць, што навука падключаецца да вырашэння праблем ЖКГ не разава, а на пастаяннай аснове. Спярша ў навукова-даследчым цэнтры будуць працаваць навукоўцы НАН, а пазней, кажа міністр, да іх могуць далучыцца спецыялісты з цэнтральнага апарату міністэрства.