Мінкульт разглядае прапанову пра асаблівы статус мінскай Асмолаўкі

Мінкульт разглядае прапанову пра асаблівы статус мінскай Асмолаўкі

Міністэрства культуры разглядае прапанову аб наданні мінскаму мікрараёну Асмолаўка статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сёлета ў чэрвені такую прапанову падало моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”. Праз месяц Мінкульт адказаў, што заяўка прынятая да разгляду і накіраваная таксама ў зацікаўленыя ведамствы — Мінгарвыканкам і Нацыянальную акадэмію навук.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прадстаўнікоў “Гісторыкі”, распрацоўка ўсіх неабходных дакументаў заняла тры-чатыры месяцы, а сама заяўка размясцілася на 180 старонках друкаванага тэксту, у тым ліку з фотаздымкамі.

Цягам двух месяцаў пасля атрымання заяўкі, то бок, да канца верасня, Міністэрства культуры павінна склікаць пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якая і вырашыць пытанне з прысваеннем Асмолаўцы асаблівага статусу.

Асмолаўка — гэта два невялікія кварталы ў цэнтры Мінска, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча і разрэзаныя вуліцай Чачэрына. Мікрараён будаваўся ў 1940-я гады і пасля вайны лічыўся элітным.

Грамадскія актывісты лічаць, што наданне Асмолаўцы статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе мець прынцыпова важнае значэнне для ўсяго горада, бо стане штуршком для захавання іншых кварталаў старога Мінска — Аўтазавода, Трактарнага завода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі