Мінпрацы не будзе індэксаваць мінімальны заробак — інфляцыя нізкая
Міністэрства працы не будзе індэксаваць мінімальны заробак за кастрычнік. Як піша TUT.by, для такой кампенсацыі трэба, каб узровень інфляцыі быў дастаткова высокім, а ў Беларусі індэкс росту спажывецкіх коштаў складае меней за 5% да студзеня гэтага года.
Цяпер мінімальны заробак складае 305 рублёў.
Не праіндэксуюць таксама дапамогу па беспрацоўі і стыпендыі на час прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па накіраванні службаў занятасці.
Апошнім разам мінімальны заробак індэксавалі ў чэрвені 2016 года. Апроч таго, штогод, 1 студзеня пераглядаюць памер “мінімалкі”. Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі цяпер не перавышае 30 рублёў штомесяц.
Пры гэтым за кастрычнік аднаразова перагледзілі грашовыя прыбыткі бюджэтнікаў, куды апроч заробкаў уваходзяць таксама стыпендыі. Гэтыя прыбыткі залежаць ад памеру тарыфнай стаўкі першага разраду.
Ад пачатку года інфляцыя ў Беларусі склала 4,2%.