Мінскае “Тарпеда” ідзе на дно: “Дацягнем да канца сезона і ўсё”

Мінскае “Тарпеда” ідзе на дно: “Дацягнем да канца сезона і ўсё”

Для футбольнага клуба “Тарпеда-Мінск” цяперашні футбольны сезон з’яўляецца адным з самых няўдалых: каманда з адрывам ідзе на апошнім месцы ў турнірнай табліцы найвышэйшай лігі. За 14 гульняў гульцы забілі ўсяго тры мячы. Гэта нават стала нагодай для жартаў:

Галоўная праблема клуба, з якой вынікаюць усе іншыя, — фінансавыя цяжкасці. Два месяцы таму сышоў галоўны інвестар — расійскі бізнесмен Міхаіл Міраненкаў. А разам з ім і ўсе грошы, якія былі ў клубе. На цяперашні момант гульцам ужо два месяцы не выплачваюць заробкі, а само “Тарпеда” ўсё глыбей храсне ў даўгах. Дырэктар футбольнага клуба Андрэй Салангін не стаў распавядаць падрабязнасці, але пацвердзіў наяўнасць праблем:

“Так, сапраўды зараз у нас існуюць запазычанасці перад гульцамі і адміністрацыяй стадыёна. Спонсараў у нас не было, быў толькі адзін інвестар. Пра будучыню клуба і магчымасць згуляць у другім крузе чэмпіянату можна будзе разважаць толькі пасля гульні з “Гомелем” [яна мусіць адбыцца 13 ліпеня. — Еўрарадыё]”.

Крыніцы Еўрарадыё сцвярджаюць, што клуб не мае грошай на існаванне, а трансфер на выяздныя гульні аплачваецца з кішэні Беларускай федэрацыі футбола. Ёсць верагоднасць, што АБФФ выдзеліць грошы, каб клуб здолеў скончыць сезон і не сышоў пасля першага круга. Аднак у спартовым ведамстве гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць:

“На дадзены момант ніякай афіцыйна апублікаванай інфармацыі з боку клуба не было, таму мы не можам ніяк каментаваць сітуацыю. Калі інфармацыя афіцыйна з’явіцца на старонках клуба ці ў СМІ — можна будзе весці гаворку пра нейкія афіцыйныя каментарыі”.

Мінскае “Тарпеда” ідзе на дно: “Дацягнем да канца сезона і ўсё”
vk.com/tarpedaminsk

Праблемы клуба, аднак жа, застаюцца цалкам рэальнымі. Гэтую інфармацыю на ўмовах ананімнасці пацвердзілі і гульцы клуба:

“Ведаеце, абсалютна ўся гэтая інфармацыя праўдзівая. Мы ўжо два месяцы не атрымліваем заробкі і наўрад ці ў найбліжэйшы час нешта атрымаем. Грошай у клуба няма зусім. А што датычыцца будучыні — хутчэй за ўсё, неяк дацягнем да канца сезона, і ўсё”.

Варта згадаць, што два сезоны таму футбольны клуб “Тарпеда” трапіў у Вышэйшую лігу замест “Крумкачоў”, якім АБФФ не дазволіў атрымаць ліцэнзію не ў апошнюю чаргу праз фінансавыя цяжкасці. Тады ў эліту запрасілі тарпедаўцаў, якія занялі трэцяе месца ў першай лізе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі