Мінскія арнітолагі правядуць у сталіцы Ноч кажаноў
Кожны ахвочы падчас гэтай імпрэзы зможа даведацца ўсю праўду аб рукакрылых.
Ноч кажаноў пройдзе ў Мінску з 3 на 4 верасня. Пазнавальную акцыю для ўсіх ахвочых ладзіць грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Для удзельнікаў імпрэзы правядуць лекцыю і экскурсію. Можна будзе даведацца, хто такія кажаны, якую прыносяць карысць і што рабіць, калі сустрэў “бэтмэна”.
Ноч кажаноў пройдзе ў рамках міжнароднай акцыі International Bat Night, якую “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ладзіць сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Пачнецца мерапрыемства лекцыяй ў Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па біярэсурсах, якая адбудзецца 3 верасня з 19.30 да 20.30. Затым з 21.00 да 22.30 адбудзецца экскурсія ў парку Горкага. Калі пашанцуе з надвор’ем, можна будзе паназіраць за кажанамі пры дапамозе ультрагукавой тэхнікі.
Усе госці атрымаюць інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы аб кажанах.
Удзел у акцыі бясплатны.
Фота: REUTERS