Паліклінікі Мінска перастаюць аказваць планавую дапамогу — што рабіць пацыентам?

Фота медыкаў носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё
Фота медыкаў носіць ілюстрацыйны характар / Еўрарадыё

Мінскія паліклінікі з 4 снежня перастаюць аказваць пацыентам планавую меддапамогу. Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама прыняў гэта рашэнне "ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй".

Куды цяпер ісці жыхарам сталіцы, якія адчулі недамаганне?

Прэс-служба Мінздароўя ў сваім тэлеграм-канале растлумачыла, якія новаўвядзенні ўнесеныя праз загад "Аб спыненні аказання планавай медыцынскай дапамогі ў гарадскіх паліклініках":

1. Выклікаць доктара дадому можна будзе да 18:00.

2. Дактары — вузкія спецыялісты: неўролагі, рэабілітолагі, фізіятэрапеўты, эндакрынолагі — цяпер будуць задзейнічаны ў кантактных брыгадах і цэнтрах для аказання дапамогі пацыентам з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі і пацыентам з тэмпературай на прыёме ў паліклініцы і дома.

3. У паліклініках будзе забяспечана аказанне экстраннай траўматолага-хірургічнай дапамогі.

4. На медыка-сацыяльную экспертызу будуць накіроўвацца пацыенты ў перыядзе часовай непрацаздольнасці і асобы працаздольнага ўзросту пры наяўнасці прыкмет інваліднасці.

5. Для цяжарных скароціцца колькасць наведванняў жаночых кансультацый, а работа школ па падрыхтоўцы да цяжарнасці і родаў будзе арганізавана ў анлайн-фармаце.

6. Калі ў пацыентаў упершыню выявілі захворванні эндакрыннай сістэмы (напрыклад, цукровы дыябет), то іх будуць прымаць у гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры. Тамсама будуць выпісваць рэцэпты на інсулін на тры месяцы.

Тэлеграм-канал беларускіх медыкаў "Белые халаты" ў сувязі з рашэннем Мінгарвыканкама ставіць пад сумнеў афіцыйную статыстыку Мінздароўя па COVID-19.

"Шляхам няхітрых вылічэнняў адзначаем, што, паводле статыстыкі Мінздароўя, у Беларусі цяпер 21 504 пацыенты, якія актыўна хварэюць на COVID-19.

З іншага боку, мы бачым практычна рэжым надзвычайнага становішча ў паліклініках, паколькі адмена планавай меддапамогі літаральна азначае мабілізацыю ўсіх сіл для барацьбы з пандэміяй.

Паважанае Мінздароўя, у лічбах сваёй статыстыкі вы страцілі пару дзясяткаў тысяч чалавек, калі не больш", — пішуць "Белые халаты".

Колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 у Беларусі расце нават паводле афіцыйнай статыстыкі. 3 снежня Мінздароўя паведаміла пра 1701 новы выпадак за апошнія 24 гадзіны. Аднак 21,5 тысячы пацыентаў, якія хварэюць па ўсёй краіне, сапраўды не павінны былі перагрузіць сталічную сістэму аховы здароўя настолькі, каб спыняць планавую дапамогу пацыентам у паліклініках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі