Мінтурызму — журналістам з Расіі: Прыём здымачнай групы не ўяўляецца магчымым

Мінтурызму — журналістам з Расіі: Прыём здымачнай групы не ўяўляецца магчымым

Міністэрства спорту і турызму не зацікаўленае ў прапагандзе Беларусі за мяжой. Такую выснову можна зрабіць з перапіскі чыноўнікаў Мінтурызму з расійскімі журналістамі.

Гісторыю абнародаваў у Фэйсбуку Максім Табораў. Па яго словах, у беларускае ведамства звярнуўся расійскі журналіст Руслан Фаршатаў — вядомы тэлевядоўца, герой праектаў пра падарожжы "Вялікая валіза" і "2ЖУР. Дзённік двух журналістаў". Напрыканцы ліпеня расіяне хочуць зняць тэлеперадачу пра Мінск, пра гарадскія фэсты. 

"Прылятаюць самі, за свае грошы, за гатэль збіраюцца плаціць самі. І прадзюсар перадачы напісаў за два месяцы да прылёту ліст у наша Міністэрства спорту і турызму з просьбай паспрыяць у здымках. Падказаць пару цікавых месцаў, арганізаваць нейкія сустрэчы, наведванне чагосьці цікавага", — распавядае Табораў. 

Адказ ад Міністэрства спорту і турызму, які прыводзіць Табораў, быў наступны:

"Паважаны Ілля! Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь разгледзела вашу прапанову па супрацоўніцтве ў арганізацыі здымак праграмы "2ЖУР. Дзённік двух журналістаў" на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і паведамляе. (Тут кропка і абзац)

Улічваючы, што план маркетынгавых мерапрыемстваў на 2018 год сфармаваны ў лістападзе 2017 года (коскі няма) прыём здымачнай групы не ўяўляецца магчымым. (Тут зноў абзац)

Разам з тым дзякуем Вам за выказаную цікавасць да турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь".

Табораў абураецца стаўленнем чыноўнікаў і іранізуе з іх адказу:

"Адказ МСіТ — гэта, практычна, распіска ў абыякавасці. Цікава было б зірнуць на план маркетынгавых мерапрыемстваў, падпісаны акурат у стогадовую гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі. Мабыць, там поўна вымотваючых камандзіровак па ленінскіх месцах: Цюрых, Лондан, Парыж, Мюнхен, Вена? І, зразумела, на фоне гэтых вялікіх здзяйсненняў не ўяўляецца магчымым пасадзіць журналістаў з тэлекамерай у міністэрскую машыну і правезці разок па горадзе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі