Мінюст у чарговы раз адмовіў “Гавары праўду” ў рэгістрацыі
Падставай для адмовы стала тое, што прозвішчы абраных у склад праўлення кампаніі былі пералічаныя, але не пазначаныя лічбай, колькі іх там.
Тым не менш, чарговая адмова ў рэгістрацыі не стала нечаканасцю для лідара “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева. Ён кажа, што было цікава даведацца, на якой падставе адмовяць гэтым разам.
Някляеў: “Парушэнне знайшлося ў тым, што ўпісаўшы ў пратакол прозвішчы абраных у праўленне кампаніі гэтых пяці чалавек, мы не ўказалі ў пратаколе, што выбралі праўленне ў складзе пяці чалавек! Відаць, у Міністэрстве юстыцыі не могуць па адным палічыць да пяці, бо сканчалі нематэматычны факультэт”.
Някляеў упэўнены: прычына адмовы ў жаданні ўладаў трымаць “някляеўцаў” у пастаяннай напрузе — пад пагрозай прыцягнуць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Тым не менш, кажа, ніякім чынам на працу кампаніі гэтая адмова не паўплывае — як працавалі, так і будуць працаваць надалей.
Фота — zapraudu.info