Місія МВФ абмяркуе з уладамі Беларусі трохбаковую крэдытную праграму
9 лістапада ў Беларусь прыбыла місія Міжнароднага валютнага фонду. Як заявіў у Мінску журналістам яе кіраўнік Пітэр Долман, з уладамі будзе абмеркаваная трохбаковая крэдытная праграма.
Долман адзначыў, што місія МВФ знаходзіцца ў Беларусі на запрашэнне беларускага ўрада. "Мы прыехалі, каб абмеркаваць з уладамі эканамічную палітыку і рэформы, і ці дастатковую базу гэтыя рэформы складаюць для праграмы Беларусі з МВФ", — цытуе словы кіраўніка місіі БелаПАН.
Ён удакладніў, што праграма, якую місія збіраецца абмяркоўваць з беларускімі ўладамі, прадугледжвае глыбокія структурныя рэформы. "Яны павінны быць нацэлены на павышэнне ролі прыватнага сектара ў прыняцці эканамічных рашэнняў", — падкрэсліў Пітэр Долман.
Ён адзначыў, што разам з рэформамі павінны быць прыняты меры сацыяльнага характару, каб абараніць тыя слаі грамадства, якія можа закрануць рэформа.
Візіт місіі МВФ у Беларусь будзе праходзіць з 9 да 19 лістапада. Эксперты сустрэнуцца з прадстаўнікамі усіх ключавых органаў дзяржкіравання.
Як вядома, улады Беларусі спадзяюцца атрымаць ад МВФ чарговы крэдыт — 3 млрд долараў. У верасні падчас знаходжання ў Нью-Ёрку на саміце ААН Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з кіраўніцай МВФ Крысцін Лагард.
Фота: Fotolia і БЕЛТА