Містычны гол Станіслава Драгуна ў браму мінскага "Дынама" (відэа)

Містычны гол Станіслава Драгуна ў браму мінскага "Дынама" (відэа)

БАТЭ выйграў важны матч у мінскага "Дынама" ў чэмпіянаце Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе — 2:1. Гэта была валявая перамога. Кехіндзе Фатаі на 20-й хвіліне вывеў наперад гасцей. А на 53-й хвіліне на "Барысаў-Арэне" адбылося неверагоднае. Яшчэ напярэдадні паядынку заўзятары заклікалі ўшанаваць памяць нядаўна памерлага на 53-м годзе жыцця старшыні праўлення клуба Анатоля Капскага. На 53-й хвіліне ўсе прысутныя на трыбунах падняліся і пачалі апладыраваць, з'явіўся вялізны банер з тварам Капскага. І якраз у гэты момант здарыўся трапны ўдар Станіслава Драгуна ў "дзявятку" і лік стаў 1:1.

"Несумненна, гэта штосьці містычнае, фантастычнае, — гаварыў пасля матчу галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага. — Шчыра кажучы, цяжка ў гэта паверыць...". Драгун таксама быў уражаны тым, што адбылося: "Не сумняюся, што менавіта ён [Анатоль Капскі] і дапамог".

Пераможную кропку на 78-й хвіліне паставіў Дзяніс Палякоў.

Сярод іншых матчаў 23-га тура адзначым перамогу "Тарпеда-БелАЗ" над "Віцебскам" — 2:0, брэсцкага "Дынама" над "Слуцкам" — 4:0. 1 кастрычніка "Нёман" будзе прымаць "Гомель" (пачатак у 19:00).

У БАТЭ 57 ачкоў, "Шахцёр" і мінскае "Дынама" маюць па 45, "Віцебск" — 44, брэсцкае "Дынама" — 38 ачкоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі