МНС: Сем населеных пунктаў застаюцца пасля навальніц без электрычнасці

МНС: Сем населеных пунктаў застаюцца пасля навальніц без электрычнасці

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падвяло вынікі ўчарашніх дажджоў з навальніцамі і моцным ветрам. Нагадаем, што парывы ветру дасягалі 22 метраў за секунду. 

У Маладзечанскім раёне Міншчыны ад стыхіі пацярпелі тры населеныя пункты: пашкоджаныя дахі 24 жылых дамоў, адной культурнай установы і шасці сельскагаспадарчых будынкаў. 

Па ўсёй Беларусі былі зафіксаваныя 44 выпадкі падзення дрэваў. Прычым найбольш такіх выпадкаў было ў Мінску — 29, у Мінскай вобласці пяць выпадкаў, у Гродзенскай — два, у Магілёўскай — восем. Пры гэтым былі пашкоджаныя 16 легкавых аўтамабіляў.

Як паведамляла Еўрарадыё, 19-гадовыя хлопец і дзяўчына ў Мінску атрымалі траўмы, калі на іх звалілася гандлёвая палатка. 

У Мінску за ўчорашні вечар выпала 15 мм ападкаў (пры сярэднямесячнай норме 89 мм). У выніку падтопленымі апынуліся 3 адміністрацыйныя памяшканні, шматкватэрны жылы дом, 3 участкі дарог і пешаходная зона па вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. 5 тралейбусных і 8 аўтобусных маршрутаў прыпынілі рух. Затрымка склала да 55 хвілін. 

Паводле інфармацыі ДВА "Белэнерга", на тэрыторыі краіны ўчора перыядычна былі праблемы з электрычнасцю ў 266 населеных пунктах. Па стане на 6-ю гадзіну раніцы 18 ліпеня без электрычнасці застаюцца сем населеных пунктаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі