Моцны дождж не перашкодзіў байк-параду ў Брэсце (фота)
Ягонае правядзенне было пад пытаннем, бо напярэдадні за 12 гадзін выпала месячная норма ападкаў.
Аднак абышлося толькі пераносам пачатку на гадзіну. Клімат паўплываў, і сёлета калона была меншая за леташнюю. Прыкладна каля тысячы матацыклаў праехала за 5 хвілін на хуткасці каля 40 кіламетраў за гадзіну. Гледачоў на ўездзе ў горад і па шляху калоны было, як кажуць, “байкі”.
Былі заўважаныя ўдзельнікі з Польшчы, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Грэцыі. Натуральна, большасць з Беларусі.
Далейшая праграма пад вялікім пытаннем, бо нават байк-парад адбыўся “ў вакно”. Пад вечар зноў абяцаюць дождж.
Нагадаем, 13-ы міжнародны брэсцкі злёт байкераў праводзіць Брэсцкі гарадскі клуб “Golden Wing” пры падтрымцы аддзела па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Брэсцкая дзяржаўтаінспекцыя зняла свой звыклы афіцыйны патранаж, прынамсі, на сайце пра фэст байкераў ні паўслова.
Байкеры базуюцца ў аздараўленчым летніку “Арляня”, гэта на трасе М1 у бок Кобрына. Увечары ў праграме канцэрт мясцовага гурта “Дай Дарогу”. Мае таксама выступіць гурт “Крамбамбуля”.
Байк-фестываль закончыцца заўтра, 26 траўня.