Мора: Пасля перамоваў Беларусі і ЕС візы для беларусаў могуць патаннець

Перамовы Беларусі і Еўрасаюза могуць прывесці да таго, што візы для беларускіх грамадзян стануць таннейшымі. Такое меркаванне ў гутарцы з БЕЛТА выказала кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Майра Мора.

Паводле яе слоў, у пачатку 2015 года адбудзецца чарговы раўнд перамоваў паміж Беларуссю і ЕС па візавых пытаннях. "Спрашчэнне візавага рэжыму можа ўключаць у сябе патаненне "шэгнену", зменяцца патрабаванні да пакетаў дакументаў, стане больш катэгорый грамадзян, якія будуць вызвалены ад візавых пошлін. Акрамя таго, магчыма павелічэнне тэрміну дзеяння віз людзям з добрай візавай гісторыяй", — сказала спадарыня Мора.

Кіраўніца прадстаўніцтва ЕС адзначыла, што на перамовах узнікаюць праблемы, некаторыя з іх звязаныя з асаблівасцямі заканадаўства ў кожнага з бакоў. Але яны "паступова вырашаюцца". Майра Мора кажа, што вынікі перамоваў да прыняцця нейкага пагаднення агучваць не будуць.

Нагадаем, трэці раўнд кансультацый паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пра заключэнне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі пройдзе ў Мінску ў студзені-лютым 2015 года. Другі раўнд прайшоў 24-25 лістапада ў Бруселі. На сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна "Усходняга партнёрства", грамадзяне якой плацяць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі