18 мільёнаў, якія патрабуе Алег Моўчан, раздзеляць паміж музыкамі Naka?
Суд задаволіў хадайніцтва кампазітара аб прыцягненні да справы ўдзельнікаў гурта, якія дапамагалі Шпакоўскай зрабіць новую версію песні.
26 сакавіка ў Вярхоўным судзе працягнуліся слуханні па справе кампазітара Алега Моўчана і спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якую былы "пясняр" абвінавачвае ў незаконнай перапрацоўцы яго музыкі да песні "Малітва".
У Мінску пачаўся суд па іску кампазітара Моўчана да Шпакоўскай
Сёння было агучанае "ўдакладненне пазіцыі істца" і хадайніцтва пра далучэнне да справы суадказчыкаў — музыкаў гурта Naka. Нагадаем, раней басіст гурта Аляксей Паўловіч, гітарыст Сяргей Шчурко і бубнач Дзмітрый Харытановіч выступалі ў якасці сведак і пацвердзілі свой удзел у перапрацоўцы песні Алега Моўчана. Кампазітар запатрабаваў, каб агучаная раней сума спагнання ў 18 мільёнаў была раздзеленая паміж усімі згаданымі музыкамі. На думку Моўчана, Анастасія Шпакоўская як лідар гурта мусіць заплаціць 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў), басіст і гітарыст — па 20 базавых (7,2 млн рублёў), бубнач — 10 базавых (1,8 млн).
Каму належыць "Малітва" — Моўчану ці "Песнярам"?
Суддзя Іна Цысік прыняла рашэнне задаволіць хадайніцтва кампазітара і прыцягнуць да справы музыкаў гурта Naka. Таксама суд вырашыў прыцягнуць да адказнасці клавішніцу гурта Ірыну Кліменка (яна знаходзіцца на 8-м месяцы цяжарнасці, таму не прысутнічае на судзе) і гукарэжысёра Анатоля Шманая ў якасці трэціх асобаў, якія не заяўляюць самастойных патрабаванняў на прадмет спрэчкі і выступаюць на баку адказчыкаў.
Наступнае слуханне па справе прызначанае на 14 красавіка.
Нагадаем, Анастасія Шпакоўская і гурт Naka узялі ўдзел у праекце Re:Песняры, прымеркаваным да 45-годдзя "Песняроў". Падчас падрыхтоўкі трыб'юта ініцыятары сутыкнуліся з шэрагам праблем. Кампазітар Алег Моўчан не дазволіў уключаць у праект яго знакамітую "Малітву" (версія Шпакоўскай яму не спадабалася). Нягледзячы на забарону аўтара, гурт Naka рызыкнуў і выканаў свой варыянт "Малітвы" на прэзентацыі праекта. Як кажуць удзельнікі калектыву, выключна ў знак пашаны да творчасці "Песняроў".
Фота: Fotolia