МУС правярае заяву Калеснікавай пра пагрозы з боку супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК
МУС праводзіць праверку па заяве Марыі Калеснікавай пра пагрозы на яе адрас з боку супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗіК. Крымінальную справу па гэтай заяве не пачыналі, распавёў TUT.by яе адвакат Аляксандр Пыльчанка.
Марыя Калеснікава і яе адвакаты хацелі, каб праверка адбылася ў рамках той крымінальнай справы, па якой яна была арыштаваная, ці была праведзеная іншымі следчымі Следчага камітэта. Менавіта таму заяву пра выкраданне Калеснікавай яны падавалі 10 верасня следчаму, які расследуе яе крымінальную справу.
Але кіраўнік следчай групы вырашыў перадаць заяву ў МУС, кажа Пыльчанка. "Пагадзіцца з такім рашэннем мы не маглі, у сувязі з чым рашэнне кіраўніка следчай групы аб накіраванні заявы аб здзяйсненні злачынства для праверкі ў МУС было абскарджана па інстанцыі ў СК РБ, а таксама ў Генеральную пракуратуру. У задавальненні скаргі абароны ў Следчым камітэце было адмоўлена. Рашэнне Генеральнай пракуратуры па гэтым пытанні я яшчэ не атрымліваў", — падзяліўся падрабязнасцямі адвакат.
Калеснікавай паведамілі пра падаўжэнне тэрміну праверкі да аднаго месяца.
Па словах адваката, Калеснікава звярнулася ў МУС з просбай правесці следчыя дзеянні з яе ўдзелам. Гаворка ідзе пра апазнанне асоб, указаных ёй у допытах, апытанне яе пра абставіны справы, праверка яе паказанняў на месцы. У сваёй заяве яна згадала канкрэтныя імёны і пасады людзей, якія аказвалі на яе псіхалагічны ціск у ГУБАЗіК і КДБ.
Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Мінска 7 верасня. На наступны дзень зранку яе хацелі дэпартаваць на тэрыторыю Украіны, але Калеснікава парвала на мяжы пашпарт і адмовілася пакідаць краіну. Пасля гэтага яе арыштавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.