Жыхару Гродна, які зрабіў ін'екцыі дзяўчынкам, пагражае да 10 год турмы
У Гродне следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы аб ін'екцыях, якія 36-гадовы жыхар абласнога цэнтра зрабіў двум малалетнім дзяўчынкам. Пра гэта паведамляе сайт Следчага камітэта.
Інцыдэнт адбыўся ў ліпені мінулага году на тэхнічным паверсе шматкватэрнага жылога дома. Мужчына пры дапамозе шпрыца зрабіў інʼекцыі двум дзяўчынкам, 2011 і 2012 гадоў нараджэння. Праваахоўнікі правялі комплекс неабходных дзеянняў, каб усталяваць асобу падазронага і пацвердзіць яго дачыненне да злачынства.
Для ўстанаўлення магчымых наступстваў інʼекцый дзяўчынкі доўгі час назіраліся медыцынскімі работнікамі. Рэчываў, якія пагражаюць жыццю і здароўю малалетніх, выяўлена не было.
З затрыманым, які раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, праводзілася псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. Па яе выніках зроблена выснова, што ён усведамляў фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў. З улікам гэтага яму прадʼяўленае абвінавачванне ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.