Музычныя ўзнагароды Experty.by будуць уручаныя ў сакавіку
Цырымонія абвяшчэння пераможцаў пройдзе ў сёмы раз.
На пачатку сакавіка сайт Experty.by абвесціць лепшыя музычныя альбомы 2014 года. Вызначэнне пераможцаў традыцыйна адбываецца на падставе адзнак беларускіх і замежных экспертаў.
З мінулага года пераможцы апроч узнагарод атрымліваюць і рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэртаў. Такі прыз, напрыклад, у мінулым годзе атрымалі трыумфатары ўзнагарод Сяргей Пукст і гурт Pukstband з дыскам "Последний альбом".
Яшчэ адзін прызавы канцэрт пры падтрымцы грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" ў мінулым годзе атрымаў гурт BosaeSonca, які перамог у намінацыі "Найлепшы беларускамоўны альбом" з дыскам "Адпусці". А гомельскі электроншчык (((О))), які атрымаў "Прыз замежных экспертаў" за альбом "Forever I Am", пры падтрымцы Experty.by выступіў на шоукейс-фестывалі Vilnius Music Week, дзе быў персанальна ўхвалены першым мэнэджарам Pink Floyd Пітэрам Джэнерам і іншымі замежнымі спецыялістамі.
У межах сёлетніх узнагарод будзе названы "Лепшы альбом года", а таксама найлепшыя рэлізы ў стылях поп, рок і фолк, інструментальны і дэбютны альбом. У галасаванні па выніках 2014 года ўзялі ўдзел 16 беларускіх, 5 замежных, а таксама шэраг народных экспертаў, найбольш актыўных карыстальнікаў сайта.
Афіцыйны спонсар узнагарод - "Атлант Телеком".