“Мы не маем права падстаўляць людзей”. Ноч расстраляных паэтаў у новым фармаце
— У спісе расстраляных 29 кастрычніка вялікая колькасць — гэта супрацоўнікі органаў. І мы над імі чытаем і пра іх памятаем. Не разбіраем, каго будзем памятаць і чый лёс лічыць трагедыяй. Гэта агульная трагедыя народа. Яна не падзеленая на пасады, арганізацыі, цэхі. Трэба разумець, што і цяперашнія часы — цяжкія для кожнага па-рознаму. Але для кожнага, — упэўненая пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец.
Чаму сёлета было прынятае рашэнне змяніць фармат “Ночы расстраляных паэтаў”? Чаму беларускі рэжым наймацней стараецца біць па ўсім нацыянальным? На гэтыя ды іншыя пытанні Ганна Севярынец адказвае ў эфіры Еўрарадыё.
Новы фармат “Ночы расстраляных паэтаў”
Ідэя ўспомніць расстраляных творцаў чытаннем вершаў з хэштэгам #Ночпаэтаў для сацыяльных сетак, каб не збірацца публічна, была супольнай для ўсіх арганізатараў.
У мінулым годзе для мяне быў вельмі пакутны момант, калі я была ў Курапатах і збіралася весці імпрэзу. Дашкевіч тады быў на сутках. І вось гэты цяжар магчымай віны, калі людзі ідуць на гэтую тэрыторыю, ідуць нібы ў пастку... Асноўнае, з чым я змагалася, — гэта са сваім жаданнем напісаць у фэйсбук, што ўсё адмяняецца, каб не падстаўляць людзей пад рызыку.
Таму новы фармат — абсалютна не цяжкае рашэнне. Не збіраць людзей, бо мы не маем права падстаўляць іх, не маем права забываць, што жыццё чалавека і здароўе, магчымасць быць дома з сям’ёй — гэта асноўнае.
Той фармат, у якім “Ноч паэтаў” адбудзецца ў гэтым годзе, мне бачыцца натхняльным і важным. Ён сягае далей за звычайную імпрэзу. У гэтым годзе надзвычай шырока гэтая дата будзе ўшаноўвацца ў дыяспарах. Хутка мы пабачым афішы, аб’явы гэтых мерапрыемстваў. Іх будзе болей за тры дзясяткі.
Будуць розныя фарматы: вулічныя музыкі, чытанне вершаў, шэсці, ушанаванне памяці. Для мяне надзвычай важна, што гэтая тэма перасягнула геаграфічныя межы Беларусі. Яе цяпер не замкнеш у пастку, памяць становіцца супольнай.
З’явілася цікавая ініцыятыва ўнутры дыяспараў: чытаць вершы нашых паэтаў не толькі па-беларуску, але і на тых мовах, дзе будуць праходзіць імпрэзы. Будуць далучацца і жыхары тых краін, дзе знаходзяцца дыяспары.
Гэта цалкам правільна, здорова і натхняльна, што гэтыя вершы пачнуць гучаць на іншых мовах. Стануць набыткам іншых культур. Таксама, як і заўсёды, да гэтай ініцыятывы далучаюцца прадстаўнікі амбасадаў. Ёсць ідэя, каб яны чыталі вершы не па-беларуску, хоць гэта кранальна, а менавіта ў перакладзе, пераймаючы наш культурны набытак.
Што тычыцца беларусаў унутры Беларусі, то няма рэчаў, якія могуць перашкодзіць нам памятаць сваё, ушаноўваць памяць паэтаў. У школах няма ніякіх забаронаў, каб прысвяціць урокі гэтай тэме. Шэраг пісьменнікаў уключаны ў школьную праграму. Сёлетняя страта курапацка-традыцыйнага фармату не шкодзіць ані памяці, ані нашым намаганням па захаванні сваіх культурных набыткаў.
Гэта агульная трагедыя народа
Гісторыі мы не вывучылі, менавіта таму туды і трапілі сёння. Таму важна яе давучваць. Але ёсць яшчэ адна рэч, якую мы не ўлічваем і якой нас вучаць Курапаты.
У мінулым годзе я стаяла ў Курапатах, ішла падрыхтоўка да імпрэзы. Лес, звініць цішыня. І тут у мяне вельмі гучна зазваніў тэлефон, я мусіла ісці сустракаць купалаўцаў. Ён так нечакана зазваніў, што ў тую ж секунду за маёй спінай выскачылі два хлопцы ў джынсах. Яны проста зрэагавалі на мой рэзкі рух. Яны не сталі да мяне ні падыходзіць, не было загаду, але бачна, што яны самі ад сябе не чакалі такой рэакцыі. Мне стала смешна, што вось я тут, стаю ў елачках, у роздуме, а ў мяне за плячыма нехта там мяне пільнуе.
Пайшла сустракаць купалаўцаў і думала: хлопчыкі, тут жа палова лесу ляжыць вашых. У гэтым спісе расстраляных 29 кастрычніка вялікая колькасць — гэта супрацоўнікі органаў. І мы над імі чытаем і пра іх памятаем. Не разбіраем, каго будзем памятаць і чый лёс лічыць трагедыяй. Гэта агульная трагедыя народа. Яна не падзеленая на пасады, арганізацыі, цэхі.
Трэба разумець, што цяперашнія часы — цяжкія для кожнага па-рознаму. Але для кожнага. Тут не будзе пераможцаў і пераможаных, мы ўсе выйдзем з гэтага часу з вялікай калектыўнай траўмай. Дапамога патрэбная будзе нам усім. На гэта трэба нацэльвацца.
Мне падаецца, цяпер мы мусім думаць далей, як мы будзем выходзіць з гэтых часоў, не знішчаючы нікога, не забараняючы нікому жыць на гэтай зямлі. Але, зразумела, кожны будзе адказваць перад гісторыяй, перад зямлёй за тое, як ён пражыў гэты час.
Зло нараджае зло
Несці дабро не крыўдна, крыўдна несці зло. Не забудзем, не даруем — гэта не пра помсту. Гэта пра закон, пра мараль, пра сапраўднае выйсце з сітуацыі. Выйсце ляжыць праз думанне, праз пакаранне, якое мяжуе з дапамогай. Часта, калі мы прадумваем, як мы пакараем чалавека, гэтае пакаранне мусіць быць успрынятае як дапамога гэтаму чалавеку. Жыць у зле і паміраць у зле — гэта вельмі цяжка.
Нянавісці, якая б мяне з’ядала, няма. Зло нараджае толькі зло. Я не хацела б стаяць на пачатку новага зла, пад любымі сцягамі, каб краіна пачынала сваё новае жыццё са злога.
Нацыянальны генацыд?
Я не думаю, што першым сёння стаіць нацыянальнае. У 30-я гады сапраўды палітыка была накіраваная на знішчэнне нацыянальнага, гэта нават унесена ў партыйныя праграмы. Так, гэта быў нацыянальны генацыд.
Цяпер я не магу такога сказаць, я проста бачу, што беларуская мова, культура становяцца сімвалам пратэсту. Я б, хутчэй, параўнала гэтыя часы з “нашаніўскімі” часамі. Калі “Нашу Ніву” забаранялі распаўсюджваць не таму, што яна была беларуская, а таму, што нацыянальныя рухі былі звязаныя з супрацівам.
Я б не стала на сёння лямантаваць, што нас знішчаюць па нацыянальных прыкметах. У нас і без нацыянальных прыкметаў той жа каранавірус не разбірае, хто з якімі нацыянальнасцямі, у рэанімацыях паміраюць, дактары пластом кладуцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.