“Мы не памятаем”: як у Мінску прайшлі “Канапляныя дзяды”
2 лістапада ў Мінску прайшлі "Канапляныя дзяды". Гэта жартоўная акцыя прысвечана "усім памерлым ад канабіса". Людзі пад жалобную музыку няслі пустыя рамкі з чорнымі стужкамі і плакаты з надпісамі: "Мы не памятаем", “Палілі дзяды — не ведалі бяды”, “Мы не скорбим” і гэтак далей. Акцыя пачалася ў раёне вуліцы Кастрычніцкай і скончылася на Плошчы Аб'яднаных Нацыяў.
Акцыя “Канапляныя дзяды” праходзіла ў падтрымку дэкрыміналізацыі і зменаў у артыкул 328. Яе арганізавалі грамадзкі рух Legalize Belarus і аб’яднанне кандыдатаў “Моладзевы Блок”. 6 кандыдатаў у дэпутаты парламенту далучыліся да шэсця і падтрымалі неабходнасць заканадаўчай рэформы.
“80% наркарынку Беларусі — гэта прадукты з канабісу. Мэта гэтай акцыі — данесці абсурднасць і неэфектыўнасць дзейнай наркапалітыкі ў Беларусі і запатрабаваць новы парламент прыняць тыя папраўкі ў заканадаўства, што былі распрацаваныя ў межах “Моладзевага Блоку”, — патлумачыў кандыдат Стас Шашок з Legalize Belarus.
“Мне не падабаецца, што ў Беларусі людзей саджаюць за канабіс, які нашмат больш бяспечны за алкаголь, што ў нас можна купіць свабодна. Я бачу, што пакаранне за захоўванне кантраляваных рэчываў не сувымерна з шкодай, якую яны прыносяць грамадзтву”, — распавёў праграміст, кандыдат у дэпутаты па Каліноўскай выбрачай акрузе №108 Аляксей Лазараў, які таксама выступае за адмену “закону аб адтэрміноўках”.
“Навукай не зафіксавана ніводнага выпадку перадазіроўкі каноплямі, бо практычна гэта немагчыма. Але закон Беларусі карае маладых людзей, што спажываюць гэтую расліну так, нібыта яны забілі чалавека. Хіба гэта нармальна?”, — разважае Даніла Лаўрэцкі, што балатуецца па акрузе, дзе прайшлі “Канапляныя дзяды”.
Прапануем вам паглядзець нашу відэа / фотаспраздачу таго, як гэта было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.