У Беларусі зноў мяняюць Крымінальны кодэкс
Крымінальны кодэкс, ілюстрацыйнае фота
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 17 верасня прынялі ў першым чытанні папраўкі ў Крымінальны кодэкс.
Гэтыя змены прадугледжваюць як пэўную лібералізацыю заканадаўства (напрыклад, у наркатычнай сферы), так і "закручванне шрубак" (у палітычнай сферы).
Напрыклад, прапануюцца наступныя змены ў КК:
— альтэрнатыўныя, больш мяккія пакаранні па 65 складах злачынстваў;
— не асуджаць на пазбаўленне волі жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей з інваліднасцю. Пад такое паслабленне не трапяць людзі, абвінавачаныя ў "злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці";
— прызначаць арышт (а не пазбаўленнем волі) за набыццё або захоўванне наркотыкаў без мэты збыту, а за разавыя выпадкі збыту — абмежаванне волі. Таксама ў папраўках прапануецца панізіць мінімальную мяжу пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў;
— пашырыць пералік артыкулаў, па якіх завочна могуць судзіць беларусаў, якія з'ехалі з краіны;
— перавесці разгляд злачынстваў аб ДТЗ з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў у катэгорыю спраў прыватна-публічнага абвінавачвання;
— захаваць крымінальную адказнасць за распаўсюд чужых банкаўскіх рэквізітаў і ўвесці адміністрацыйную адказнасць за распаўсюд уласных рэквізітаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.